Гутарку з калектывам ЛПДС "Дзісна" так званы старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драбо пачаў з асвятлення пытанняў сацыяльнай сферы. На тэрыторыі раёна існуе 442 населеныя пункты, у 220 з іх жыве толькі да дзесяці чалавек, у 54 - па адным, а 90 пустуюць, хоць у многіх дамоў ёсць уласнікі.
Валерый Драбо заўважыў, што іх звязваюць 820 кіламетраў унутрыраённых дарог, якія трэба ўтрымліваць у належным стане нягледзячы на колькасць насельніцтва. Бо кожны мае патрэбу ў гандлёвым, медыцынскім абслугоўванні і розных паслугах. А гэта, паводле чыноўніка, прадугледжвае немалыя сумы з раённага бюджэту.
Па звестках уладаў, у раёне чатырнаццаць сельгаспрадпрыемстваў і 18 сялянска-фермерскіх гаспадарак. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі наступілі цяжкія часы амаль на кожным прадпрыемстве, мёрскія ўлады вырашылі ўсё ж пахваліцца перад прысутнымі. Яны сказалі, што перапрацоўкай мяса ў раёне займаецца самы фінансава паспяховы ў Віцебскай вобласці мясакамбінат – мёрскі. І адначасова супярэчаць свайму выказванню, прамаўляючы наступнае.
«Каб заставацца на плыву, у свой час там пабудавалі сучасную лядоўню, зараз на стадыі завяршэння забойная пляцоўка».
Паводле мёрскіх уладаў, стабільна дзейнічае камбікормавы завод, дзе сем гадоў таму правялі мадэрнізацыю і ўстанавілі сучаснае абсталяванне. А вось мясцовы малаказавод памяняў свой статус і застаўся толькі пунктам збору і пастаўкі прадукцыі на Полацкі малочны камбінат.
Найбольш паспяховым інвестпраектам, рэалізаваным на Міёршчыне, улады называюць металапракатны завод. Але і там, як вядома, існуе шэраг праблем з-за санкцый. Пра гэта неаднаразова пісала мясцовая раёнка.
Таксама Валерый Драбо прывёў лічбы з базы незанятых у эканоміцы Мёрскага раёна – на 1 верасня туды ўключылі звыш 1,55 тысячы грамадзян, з іх больш за 1,2 тысячы са статусам незанятых. А гэта амаль цэлы горад Дзісна, куды прыехалі чыноўнікі, бо па звестках на 1 студзеня 2023 года, там жыве ўсяго толькі 1417 чалавек. Уявіце сабе - цэлы горад дармаедаў выявілі мёрскія ўлады!
Пра мэты закона № 287-З "Аб народным апалчэнні" супрацоўнікам Дзісенскага ДЦК, філіялаў фізкультурна-спартыўнага клуба і школы мастацтваў расказваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Жук.
Паводле чыноўніка, асноўная мэта – гэта надаць абароне краіны ўсенародны характар, а першапачатковая задача - дапамога праваахоўным органам у абароне ад марадзёрства.
Аляксандр Жук паведаміў прысутным, што быццам сёння Беларусь знаходзіцца ў эпіцэнтры супрацьстаяння. Цікава толькі якога, мо з бандыцкім фармаваннем "Вагнера"?
«Нашы суседзі ўзбройваюцца, нарошчваюць вайсковую прысутнасць ля межаў. Гэтая сітуацыя ў святле ваеннай аперацыі на Украіне прымушае Беларусь рабіць захады для абароны сваёй зямлі і людзей. Прыняцце закона - адна з іх. Аднак, як падкрэсліў прэзідэнт, ніякіх ваенных дзеянняў на тэрыторыі нашай краіны не будзе. Мы толькі стаім на абароне сваіх рубяжоў», - сказаў чыноўнік.
Пракурор Мёрскага раёна Андрэй Вяцюгоў распавядаў жыхарам Дзісны пра барацьбу з карупцыяй. Ён паведаміў, што пад гэтым паняццем маецца на ўвазе наўмыснае выкарыстанне дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобай або замежнай службовай асобай свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцей у мэтах супрацьпраўнага, атрымання маёмасці або іншай выгады ў выглядзе работы, паслугі, заступніцтва, абяцанні перавагі для сябе або для трэціх асоб, а таксама подкуп дзяржаўнай службовай або прыраўнаванай да яе асобы або замежнай службовай асобы шляхам прадастаўлення ёй маёмасці або іншай выгады ў выглядзе работы, паслугі, заступніцтва, абяцанні перавагі для іх або для трэціх асоб з тым, каб гэтая дзяржаўная службовая або прыраўнаная да яе асоба або замежная службовая асоба здзейснілі дзеянні або ўстрымаліся ад іх здзяйснення пры выкананні сваіх службовых (працоўных) абавязкаў, а таксама здзяйсненне ўказаных дзеянняў ад імя або ў інтарэсах юрыдычнай асобы, у тым ліку замежнай.
На працягу 2023 года на Міёршчыне праведзены шэраг наглядных мерапрыемстваў, па выніках якіх выяўлены парушэнні названага заканадаўства. У асноўным у сферы арганізацыі і правядзення закупак, у тым ліку за кошт уласных сродкаў, а таксама пры дэклараванні даходаў і маёмасці.
Асноўнымі парушэннямі, выяўленымі пракурорскімі работнікамі з'яўляюцца: парушэнні заканадаўства пры правядзенні працэдур закупак, не прывядзенне лакальных нарматыўных актаў у адпаведнасць з дзейным заканадаўствам, а таксама неўнясенне ў дэкларацыі адказнымі службовымі асобамі поўнай інфармацыі аб даходах і маёмасці, атрыманых імі ў справаздачным перыядзе.
Але колькасць парушэнняў ён так і не назваў, а тым больш парушальнікаў, бо вядома, што карупцыяй прасякнутая ўся сістэма лукашэнкаўскага рэжыму, і Мёрскі раён не выключэнне.
Дзяніс Вырва