Пятніца, 13 Кастрычнік 2023

Маці шасцярых дзяцей з Шаркаўшчыны не ўручылі ордэн Маці з-за правіны аднаго дзіцяці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэта стала вядома падчас "прамой тэлефоннай лініі" памочніка Лукашэнкі - інспектара па Віцебскай вобласці Ігара Брыло. Піша сайт мясцовай раёнкі “Кліч Радзімы”.

Чыноўніку патэлефанавала жыхарка райцэнтра, якая з'яўляецца маці шасцярых дзяцей. Жанчына, імя якой не называецца, пацікавілася ў Ігара Брыло, чаму ёй было адмоўлена ва ўручэнні ордэна Маці з-за правіны аднаго дзіцяці.

Нягледзячы на тое, што апошнім часам Лукашэнка казаў узмацніць крытэры выдачы ордэна Маці і больш строга ставіцца да шматдзетных сем'яў, якія быццам неналежным чынам выхоўваюць дзяцей,  яго памочнік Ігар Брыло заявіў, што гэтая жанчына з Шаркаўшчыны павінна атрымаць узнагароду.

Бо, паводле чыноўніка, выхаванне шасцярых дзяцей з'яўляецца сапраўдным подзвігам. Гэтую праблему ўзяў на кантроль і старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака.

Пасля заканчэння "прамой тэлефоннай лініі" ў малой зале Шаркаўшчынскага райвыканкама адбыўся і выязны прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб.

Паводле раёнкі, на прыём прыйшоў жыхар Шаркаўшчыны, які зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку, а ў свой час працаваў на розных пасадах у сферы сельскай гаспадаркі. Мужчына папрасіў аказаць дапамогу ў выдзяленні сельгаспрадпрыемствам тэхнікі.

У сваю чаргу Ігар Брыло адказаў, што сёлета Віцебшчына атрымае 100 камбайнаў. З іх два ўжо працавалі на ўборачнай у Шаркаўшчынскім раёне. Бліжэйшым часам у Шаркаўшчыну павінны паступіць яшчэ тры камбайны.

Памочнік Лукашэнкі паабяцаў узяць сітуацыю з выдзяленнем сельскагаспадарчай тэхнікі на асабісты кантроль.

Мікалай Каверын