Субота, 14 Кастрычнік 2023

Прызыўнікам расказалі, які ім пашанцавала, і згадалі «генацыд беларускага народа»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У ваенкамаце Віцебска, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў правялі так званую «дыялогавую пляцоўку». Ваенком палкоўнік Аляксандр Сяржанаў заявіў сабраным на імпрэзу хлопцам, што сучаснай моладзі давялося перажыць значна меней цяжкасцей у параўнанні са старэйшым пакаленнем.

Што маладыя людзі звыклі да дабрабыту, а таму гатовыя выражаць сваю нязгоду з чымсьці супрацьпраўнымі дзеяннямі. У гэты «венігрэт» вайсковец дадаў перасцярогі наконт выказвання ўласных меркаванняў у інтэрнэце, згадкі пра страты, якія панеслі беларусы падчас апошняй вайны і ўласныя меркаванні пра тое, што варта хлопцу апрануць вайсковую форму, як ён пачынае разумець, што цяпер ён адказны за абарону краіны.

Прысутныя на «дыялогавай пляцоўцы» прадстаўнікі пракуратуры падтрымалі тэму пра расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народу. «Калі маладыя людзі прапускаюць праз сябе тэму генацыду, у іх не ўзнікае сумнёваў, навошта служыць у арміі і ці патрэбна ахоўваць рубяжы Беларусі», зазначыла памочнік пракурора Віцебска Валянціна Дзельнік. Але скарысталася момантам, каб папалохаць тых, хто раптам «тэму генацыду праз сябе не прапусціў» - нагадала пра адміністрацыйную і крымінальную адказнасць за ўхіленне ад вайсковай службы.

Марына Блохава