Нядзеля, 22 Кастрычнік 2023

Вучняў «Школ міру» вучылі карыстацца зброяй

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У вайсковай чстцы № 71327, якая месціцца ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна, правялі 4-ты абласны злёт навучэнцаў так званых «Школ міра». Для 130 юных удзельнікаў правялі экскурсію па вайсковай частцы і спаборніцтвы па вайсковай справе: дзеці і падлеткі мусілі прадэманстраваць навыкі абыходжання са зброяй, уменне «выносіць параненага з поля бою» і слушна дзейнічаць па камандзе «Газы». Такія конкурсы былі прапанаваны «міратворцам» падчас вайскова-патрыятычнай гульні «Лепельскі рубеж».

Вельмі своеасабліва патлумачыў прысутным сувязь ваенізаваных дзеянняў з падтрыманнем міру ва ўсім свеце віцебскі ваенком і дэпутат аблсавета Руслан Шкодзін: Менавіта Узброеныя сілы забяспечваюць мірную працу нашых грамадзян, калі спакойна могуць працаваць школы, заводы, фабрыкі, мы можам сеяць зерне і ўбіраць. Таму вельмі сімвалічна, што гэтае мерапрыемства знаходзіцца пад эгідай адной з вайсковых частак».

«Школы міру» пачалі з“яўляцца на Віцебшчыне ў 2018 годзе, але асабліва заўважны гэты рух актывізаваўся пасля падзеяў 2020 года. Ідэалогі вырашылі, што трэба зрабіць патрыятычнае выхаванне больш інтэнсіўным. І пачалі масава ствараць, з аднаго боку, вайскова – патрыятычныя клубы, з другога - «Школы міру». Чым канкрэтна займаюцца ў апошніх, у адрозненне ад звычайных навучальных устаноў, сказаць цяжка. Паводле прадстаўнікоў «Беларускага фонду міру» - афіцыйнага заснавальніка гэтага праекта – вучні школ міра ўдзельнічаюць у патрыятычных мерапрыемствах, дапамагаюць ветэранам мінулай вайны і адзінокім людзям, займаюцца добраўпарадкаваннем вайсковых пахаванняў, помнікаў і мемарыялаў.

Аліна Птушка