Пятніца, 24 Лістапад 2023

У Докшыцах прааналізавалі прычыны, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў рэгіёнах

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Докшыцкія індывідуальныя прадпрымальнікі, якіх засталося зусім няшмат у раёне, сустрэліся са спецыялістам абласнога цэнтра маркетынгу Алесяй Аксёнавай.

Як піша сайт “Родныя вытокі”, пад кіраўніцтвам намесніцы старшыні райвыканкама Марыны Клімовіч адбылося чарговае пасяджэнне раённага Савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Докшыцкім райвыканкаме. Удзел у мерапрыемстве прыняла першы намеснік дырэктара Віцебскага абласнога цэнтра маркетынгу Алеся Аксёнава, якая пазнаёміла прысутных з дзейнасцю прадпрыемства.

- Цэнтр маркетынгу працуе на рынку кансалтынгавых паслуг Віцебскай вобласці з 2007 года. У 2008 годзе яму быў прысвоены статус базавага цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва. Мы ўзаемадзейнічаем з мясцовымі выканаўчымі распарадчымі органамі і стараемся рэалізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на падтрымку і развіццё малога прадпрымальніцтва,- паведаміла Алеся Аксёнава.

Яна дадала, што спецыялісты цэнтра маркетынгу кансультуюць па разнастайных пытаннях стварэння і кіравання арганізацыяй, аказваюць дапамогу ў падрыхтоўцы бізнес-планаў пад прыцягненне інвестыцый з боку банкаўскіх структур, замежных фундатараў, садзейнічаюць у атрыманні крэдытаў і падбору кадраў. Штогод выдаюць метадычныя дапаможнікі, арыентаваныя на павышэнне ўзроўню пісьменнасці суб'ектаў малога бізнесу і прадпрымальнікаў, якія толькі пачынаюць сваю дзейнасць.

Тры гады таму, паводле Аксёнавай, цэнтр маркетынгу стварыў анлайн-пляцоўка "Бізнес дыялог" з фарматам правядзення рэгулярных мерапрыемстваў па канкрэтных практычных пытаннях вядзення бізнесу. Дыскусійная пляцоўка, на яе думку, дае магчымасць агучваць вострыя праблемы і тут жа шукаць шляхі іх вырашэння.

Але гэтая пляцоўка, мяркуючы па актыўнасці карыстальнікаў і праглядах, асаблівай папулярнасцю не карыстаецца. Ды і прадпрымальнікаў не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ва ўсёй Беларусі пасля апошніх новаўвядзенняў уладаў стала менш. Да таго ж многія з іх скардзяцца на ўсё горшыя ўмовы працы. Нядрэнна працуецца толькі тым, хто гэтым займаецца ў партнёрстве з прадстаўнікамі ўлады, якім быццам нельга быць сузаснавальнікамі прыватных прадпрыемстваў і фірмаў, але фактычна яны такімі з’яўляюцца, “вешаючы” такія пасады на так званых “сваіх людзей”. Але і такія часам трапляюць у няміласць да ўладаў, праўда, гучныя карупцыйныя справы  сканчаюцца невялікімі тэрмінамі або датэрміновым вызваленнем асуджаных на вялікія тэрміны. А пасля гэтым людзям даюць пасады меншага значэння ці накіроўваюць кіраваць калгасамі ці саўгасамі.

У ходзе сустрэчы з прадпрымальнікамі ў Докшыцах  былі прааналізаваныя і прычыны, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў рэгіёнах, а таксама агучаны новыя прадпрыемствы, якія з'явіліся ў Докшыцкім раёне ў 2023 годзе. Сёлета ў Дркшыцах зарэгістравана сем новых прыватных прадпрыемстваў. Два з іх - ПУП "Салома-буд" і ТАА "РэгіёнБудДок" - займаюцца аказаннем будаўнічых паслуг. У першым выпадку прыватнік арандуе памяшканне, дзе ўжо наладжвае вытворчасць блокавых канструкцый для будаўніцтва экадомаў.

Што да прычын, якія стрымліваюць развіццё прадпрымальніцтва ў Докшыцкім раёне, як і ў іншых раёнах Беларусі, гэта ўсім вядомая прычына – так званы прэзідэнт Беларусі - Лукашэнка. Калісьці ён упэўнена казаў: прыйдзе час, калі я пацісну руку апошняму прадпрымальніку.

Відаць, да гэтага і ідзе. І тады ўжо ніякія бізнес-платформы і кансалтынгавыя структуры не дапамогуць у барацьбе за выжыванне звычайным прадпрымальнікам, якім хоча паціснуць руку так званы кіраўнік краіны.

Кіра Курцова