Субота, 02 Снежань 2023

У Віцебску стварылі чарговы «прававы клас». Мэты стваральнікаў ўражваюць і бянтэжаць адначасова

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З 18-ці пяцікласнікаў сярэдняй школы №18 будуць выхоўваць «законапаслухмяных грамадзян», піша БЕЛТА. Нібыта ў астатніх класах і школах знарок выхоўваюць правапарушальнікаў, а то і махляроў, злодзеяў, забойцаў. Таксама паведамляецца, што вучні «прававога класа» павінны выхоўвацца «юнымі патрыётамі». Пытанне тое самае: хіба ў іншых навучальных установах вучацца «юныя здраднікі Радзімы» . І яшчэ адно: чаму ў разуменні сучасных беларускіх ідэолагаў праявай патрыятызму лічыцца жаданне працаваць у міліцыі? Бо яшчэ адна мэта стварэння «прававога класа» - гэта «арганізацыя кадравага адбору ў органы ўнутраных спраў са школьнай парты».

Плануецца, што дзеці набудуць паглыбленыя прававыя веды ў межах адмысловай праграмы, а таксама будуць браць удзел у патрыятычных і культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзяцца Першамайскім РАУС, які ўзяў шэфства над гэтым класам.

Дарэчы, у Першамайскім раёне Віцебска днямі збіраюцца адкрыць яшчэ адзін «прававы клас» - у сярэдняй школе №46. Тры падобныя класы на Віцебшчыне ўжо ёсць: у сярэдняй школе №30 абласнога цэнтра і ў сярэдняй школе №2 г. Полацка. У сярэдняй школе №2 райцэнтра Талачын ёсць група прававой накіраванасці ў адным з выпускных класаў. Вучняў там наўпрост рыхтуюць да паступлення ў Акадэмію МУС.

Людміла Палавінка