Старшыня гарвыканкаму Генадзь Сабыніч парэкамендаваў банкам назапасіць беларускіх грошай – каб яны заўсёды былі ў банкаматах, а таксама прадумаць варыянты размяшчэння пунктаў абмену валют у гандлёвых зонах. Госці Віцебска ў фестывальныя дні звяртаюць увагу на недастатковую колькасць прыбіральняў – гэтае пытанне таксама абяцаюць урэгуляваць. Напэўна, за кошт перасоўных кабінак, і толькі на фестывальныя дні. Пра мясцовых жыхароў клопату няма: апошнюю бясплатную прыбіральню ў горадзе нядаўна знеслі.
Не ўпадабалі госці фестывалю і працу грамадскага транспарту ў Віцебску: яго і ў звычайныя дні не дачакацца, а калі аўтапарк пачынае перавозіць удзельнікаў канцэртаў, то звычайным пасажырам застаецца толькі марыць, каб па маршруце своечасова пайшоў гарадскі аўтобус. Але Генадзь Сабыніч лічыць найбольш важным, «каб транспарт быў частым, а кіроўцы - акуратна апранутыя». Пра недастатковую колькасць транспартных адзінак старшыня гарвыканкама чамусьці не згадвае.
Наведнікаў наступнага «Славянскага базару» хочуць уразіць вялікай колькасцю новых фотазон, кветкамі на клумбах і падсветкай на цэнтральных вуліцах . А віцяблянам давядзецца змірыцца з тым, што Плошчы Перамогі, якую і так ператварылі з зоны адпачынку ў голы пляц, давядзецца перажыць яшчэ адну рэканструкцыю. Таксама, не спытаўшы іхнага меркавання, да наступнага фестывалю гарадскія ўлады вырашылі ўсталяваць флагшток ў гістарычнай частцы горада, каб прадэманстраваць якасць патрыятычнага выхавання тутэйшага насельніцтва. Побач з флагштокам плануюць размясціць стэнд з гербам Беларусі і тэкстам гімна, і вельмі складана ўявіць сабе, як гэта будзе глядзецца адзіным ансамблем з царквой Дабравешчання – помнікам архітэктуры ХІІ стагоддзя... Зрэшты, не проста ўявіць сабе і тое, як мерапрыемства, якое заўсёды мела забаўляльны характар, ператворыцца ў ідэалагізаваную імпрэзу: «Славянскі базар у Віцебску» сёлета будзе прысвечаны 80-м угодкам вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.
Валянцін Пратапопаў