Чацвер, 14 Снежань 2023

Віцебскія ўлады задумалі ўсталяваць флагшток у цэнтры горада. І робяць выгляд, што раяцца з жыхарамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пару тыдняў таму на сайце гарвыканкама з“явілася абвестка пра «папярэдняе інфармаванне» віцяблян наконт новага гарадскога аб“екта пад назвай «Флагшток на плошчы 1000-годдзя Віцебска». Маўляў, інфармуем: справа вырашаная. Але цяпер на сайце гарадской газеты «Витьбичи» апублікавалі апытанку з просьбай да гараджанаў пазначыць, дзе яны хочуць бачыць той флагшток – на плошчы Перамогі, каля канцэртнага зала «Віцебск», у парку каля Лядовага палаца або ў «іншым месцы». Гарадскія ўлады вырашылі зрабіць выгляд, што іх хвалюе думка мясцовых жыхароў, але чамусьці ў апытанцы няма варыянта адказу «Флагшток у Віцебску зусім не патрэбны».

Ініцыятары ўзвядзення канструкцыі «вышынёй ад 50 да 65 метраў» перакананы, што яна неабходная для «падвышэння патрыятыянага выхавання насельніцтва» і «павелічэння значнасці дзяржаўных сімвалаў». «Адмова ад рэалізацыі праекта не дазволіць рэалізаваць згаданыя вышэй мэты і прывядзе да адсутнасці зоны патрыятычнага ўзбагачэння і адпачынку насельніцтва», -- гаворыцца ў матэрыялах «папярэдняга інфармавання».

З гэтых матэрыялаў, дарэчы, вынікае, што адным флагштокам улады вырашылі не абмяжоўвацца: апрача яго, плануюць усталяваць «не меней за два светладыёдныя экраны, канструкцыю для размяшчэння герба Рэспублікі Беларусь і гукавага абсталявання для праслухоўвання гімна».

Ужо зусім хутка, з 26.12.2023 па 25.01.2024, мае адбыцца грамадскае абмеркаванне праекта. Да гэтай падзеі засталося менш за два тыдні, а праект, атрымліваецца, яшчэ не гатовы – раз месца ўсталявання флагштока яшчэ толькі абмяркоўваецца. Дарэчы, на 23.50 13 снежня, пад канец першага дня дзеяння апытанкі, у ёй узялі ўдзел 40 чалавек. 27 з іх выказаліся за тое, каб усталяваць флагшток каля КЗ «Віцебск». Выказаную ўладамі ідэю пра усталявання ідэалагічнай канструкцыі на плошчы Тасячагоддзя, у гістарычным цэнтры Віцебска, не падтрымаў ніхто – гэтая лакацыя мусіла трапіць у варыянт адказу «Іншае месца», але за яго ўвогуле няма ніводнага голаса. Вельмі цікава будзе паглядзець праект – ці ўлічаць у ім меркаванні гараджан.

Людміла Хмялеўская