Міхаіл Юрчанка шмат гадоў адпрацаваў у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Ен караў і дэмакратычных актывістаў, і святароў, і незалежных журналістаў, і шмат звычайных грамадзянаў, якія ў 2020г. выходзілі на мірныя пратэсты, а ў апошнія гады былі абвінавачаныя за наяўнасць «экстрэмісцкіх» падпісак або рэпостаў. Паводле новага прызначэння, Міхаіл Юрчанка ўзначаліць Лепельскі раённы суд. Ягоны папярэднік на гэтай пасадзе Фадзей Зінькевіч, які прыйшоў у юрыспрудэнцыю па сканчэнні сельскагаспадарчай акадэміі, адпрацаваўшы непрацяглы час у Лепельскім РАУСе, а потым, з1997 г., у розных судах вобласці, сыходзіць у адстаўку – на пенсію.
Віктару Баліку, які працаваў суддзём у судзе Полацка і Полацкага раёна, даверылі кіраванне Верхнядзвінскім раённым судом, а ягоная калега з Наваполацкага суда Сняжана Калінічэнка будзе старшынёй суда ў Браславе. Ранейшыя старшыні гэтых судоў Людміла Каваленка (Верхнядзвінск) і Вольга Пракопчык (Браслаў) таксама пайшлі ў адстаўку. Абедзьве былыя старшыні цягам апошніх год не цураліся разбораў палітычных справаў, як адміністрацыйных, так і крымінальных. Прыкладам, Пракопчык не аднойчы карала штрафамі незалежнага журналіста Змітра Лупача, а Каваленка судзіла вядомую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат, тамтэйшага краязнаўцу і паэта Антона Бубалу, а таксама палітвязня Дзяніса Пяцько – шматдзетнага бацьку, працаўніка мясцовага сырзавода.
Ларыса Акрэмка
Пятніца, 23 Люты 2024
Суддзі, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды, пайшлі на падвышэнне
Паводле Указа Аляксандра Лукашэнкі ад 15 лютага, трое шэраговых суддзяў, чые прозвішчы часта паўтараліся ў раскладах судовых пасяджэнняў з разборамі адміністрацыйных справаў па «народных» артыкулах, цяпер будуць старшынямі раённых судоў. Гэта Міхаіл Юрчанка з Віцебска, Віктар Баліка з Полацка і Сняжана Калінічэнка з Наваполацка.