Чацвер, 22 Люты 2024

“Калі спатрэбіцца, трымаць у руках зброю”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Докшыцах, як і па ўсёй Беларусі, працягваецца мілітарызацыя школьнікаў. Там адбылася сустрэча вучняў дзявятых класаў з сілавікамі на чале з ваенным камісарам раёна пад назвай “І няхай мундзіры розныя, а Радзіма – адна”.

Як піша раённая газета “Родныя вытокі”, так званы адкрыты дыялог з дзевяцікласнікамі школы адбыўся ў рамках месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання.

“Самае каштоўнае ў нашым жыцці - гэта мір, спакой і стабільнасць”, - напачатку сказаў ваенны камісар раёна Віталь Ляснічэнка на сустрэчы, якая адбылася ў СШ № 2 г. Докшыцы імя E.Ф. Крышталевіч.

А пасля ваенны камісар дадаў, што гэтыя высновы залежаць ад кожнага.

“Абарона Айчыны складаецца не толькі з таго, каб, калі спатрэбіцца, трымаць у руках зброю. Мужнасці і адвагі патрабуе прафесія ратавальніка. Менавіта яе прадстаўнікі адказваюць за бяспеку ў надзвычайных сітуацыях. Надзейна абараніць грамадства ад злачынных замахаў, папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі дапамагае міліцыя. Педагог, урач, дыпламат і нават повар не менш важныя за ваеннага чалавека. Ад вас, вучняў, таксама шмат залежыць. Вы - будучыня краіны. Вашы веды дапамогуць ажыццявіць усё тое, што было здабыта старэйшымі пакаленнямі. А гэта самае галоўнае: дабрабыт людзей і мірнае неба над нашай слаўнай краінай”, - сказаў Віталь Ляснічэнка.

Удзельнікамі мерапрыемства «І няхай мундзіры розныя, а Радзіма – адна», ініцыяванага кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні школы Алегам Камінскім, сталі таксама начальнік варты ПАВЧ-1 Докшыцкага РАНС Раман Рыснік і курсант чацвёртага курса Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь Віталь Глазко.

Гэтыя госці, як піша раённая газета “Родныя вытокі”, расказалі аб выбары прафесіі, задача кожнай з якіх – гэта абарона Радзімы.

Толькі вось чаму і па чыёй віне, магчыма, давядзецца браць і школьнікам у рукі зброю? Адказаў на гэтыя пытанні падчас сустрэчы не гучала.

Казімір Высоцкі