Сутнасць петыцыі была ў тым, што студэнты вочных (дзённых) аддзяленняў ВНУ, размешчаных у Віцебскай вобласці (г. Віцебск, г. Наваполацк), не маюць правоў на льготны праезд у грамадскім транспарце. Гэта з'яўляецца вялікай праблемай для моладзі, якая атрымлівае ў гэтых гарадах адукацыю. Бо калі студэнт вучыцца на вочным аддзяленні ВНУ, то ён не можа працаваць увогуле ці на поўную стаўку. Пры гэтым выдаткі маладых людзей на харчаванне, пражыванне (часта гэта менавіта арэнда), адзенне і набыццё матэрыялаў і літаратуры для вучобы ў сярэднім могуць быць вышэйшымі, чым у грамадзян, якія маюць наладжаны побыт і стабільны даход.
Аднак навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, у горадзе Мінску, маюць права на бясплатны праезд.
“Прыняцце рашэння аб дадатковых мерах па сацыяльнай падтрымцы студэнтаў ВНУ дасць магчымасць стварыць студэнтам вочнай формы навучання лепшыя ўмовы для атрымання імі адукацыі, а значыць павялічыць шэрагі новых маладых спецыялістаў, для квітнення нашай краіны”, - гаворыцца ў петыцыі.
На падставе вышэйпададзенага і абапіраючыся на арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь" падпісанты прасілі:
Устанавіць, што права на бясплатны праезд або 50% зніжку кошту праезду маюць студэнты ўстаноў вышэйшай адукацыі, вочнай формы навучання, на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, які ажыццяўляе гарадскія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, гарадскім электрычным транспарце гарадоў Віцебск і Наваполацк.
Віцебскі абласны Савет дэпутатаў не адказаў на зварот, а перанакіраваў яго ў Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта.
На петыцыю адказаў начальнік упраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома:
Кіраўнікам устаноў прадастаўлена магчымасць аказваць матэрыяльную дапамогу студэнтам для аплаты праезду на гарадскім транспарце ў мэтах падтрымкі навучэнцаў, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю ў дзённай форме навучання. Дапамога прадастаўляецца па заяве студэнта праз камісію па матэрыяльнай дапамозе.
Вось такім чынам і адбываецца дыскрымінацыя студэнтаў па месцы навучання. У сталіцы – прывілеі і бясплатны праезд, а ў рэгіёнах, дзе і так бяднейшыя студэнты, яны павінны звяртацца з прашэннем да чыноўнікаў. А калі яго не задаволяць, то аплачваць поўны кошт.
Беларускія ўлады вельмі часта любяць прыводзяць прыклады ў параўнанні з іншымі краінамі. Прывядзём і мы, у Эстоніі, да прыкладу, не толькі студэнтам існавалі льготы, але і ўсе жыхары да студзеня гэтага года ездзілі на грамадскім транспарце Таліна бясплатна. Зараз гэтая льгота засталася ў людзей да 19 і пасля 65 гадоў, а таксама ў людзей з інваліднасцю. У Латвіі і Літве ўсім студэнтам даецца зніжка на праязныя квіткі ад 50 да 70%.
Людміла Сушчынская