З дакладам аб рабоце ў гэтым напрамку ў 2023 годзе выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Наталля Андрэева. Аб патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі раёна расказала начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якаўлева.
Старшыня райвыканкама Васіль Шылаў акцэнтаваў увагу актыву на важнасці работы па патрыятычным выхаванні. Прапанавана надаць асаблівую ўвагу пошукавай рабоце, папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны, актывізацыі экскурсійнай дзейнасці. Ён адзначыў, што праца не павінна мець фармальны характар, а пранікаць у сэрцы і душы людзей, даючы адчуванне прыналежнасці да вялікай сям'і беларускага народа.
І рэакцыя падначаленых на гэтае пасяджэнне была хуткай, амаль адразу ў Верхнядзвінску правялі спаборніцтвы на лепшыя знаменныя групы.
На базе Верхнядзвінскай гімназіі імя І. А. Макеёнка прайшоў раённы злёт-конкурс так званых знаменных груп устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Школьнікам было прапанавана хадзіць строем пад патрыятычныя спевы са сцягамі Лукашэнкі. Нават вызначылі пераможцаў гэтай падзеі: ІІІ месца заняла сцягавая група Дзярнавіцкай БШ; ІІ месца – група Верхнядзвінскай гімназіі імя І. А. Макеёнка; I месца заняла сцягавая група Прыдзвінска-Бароўскай СШ.
Хутка ў беларускіх школах значная ўвага будзе надавацца не якаснаму навучанню, а мілітарызацыі вучняў ды так званаму патрыятычнаму выхаванню, якое і заключаецца ў тым, каб выхоўваць лаяльную да лукашэнкаўскай улады моладзь, якая бяздумна будзе хадзіць строем па ўказанні гэтай самай улады. Але, як бы там не было, Беларусь усё ж такі не Паўночная Карэя, яна месціцца ў цэнтры Еўропы, што мае вялікі ўплыў на яе жыхароў.
Алена Кузіна