У сярэдзіне красавіка ў хаце, дзе жывуць ягоныя бацькі, быў праведзены ператрус, распавёў Аляксандр:
«У гэтым жытле я прапісаны, хаця ўжо каля 25 гадоў не жыву з бацькамі. Хата падзеленая на дзве паловы, у адной жыве мой брат, у другой — бацькі, ім ужо за 80, і тата вельмі хворы, у яго былі два інсульты. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы, дзе я, наколькі зразумелі мае сваякі, маю статус сведкі. Паколькі ніякіх маіх рэчаў там няма ўвогуле, міліцыянты нічога не забіралі, толькі прагледзелі інфармацыю ў камп’ютары і планшэце брата, а таксама праверылі тэлефон бацькі. Сфатаграфавалі нашу перапіску ў Telegram. Перапісваемся мы не так часта, прычым не закранаем палітычных тэм, у асноўным гаворым на тэмы здароўя. Маім родным сказалі, што крымінальная справа тычыцца майго інтэрв’ю “Белсату”: маўляў, гэта экстрэмісцкае фарміраванне, а я нібыта спрыяю экстрэмісцкай дзейнасці».
Паколькі бацькі Аляксандра — вельмі сталыя людзі, яму хацелася б, каб візіты сілавікоў з роспытамі спыніліся. Тым больш, што сваякі не маюць ніякага дачынення ні да інтэрв’ю медыя, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем, ні ўвогуле да таго, чым ён займаецца.
«Незадоўга да ператрусу, дзесьці ў сакавіку, са Следчага камітэта патэлефанавалі брату. Следчая спачатку збіралася выклікаць яго на допыт, але потым вырашыла сама прыйсці да яго дадому. Паказвала відэазапіс перадачы “Белсата”, пыталася ў сваякоў, ці гэта насамрэч я. Цікавілася, дзе я цяпер, чым займаюся, як выходзіць “Витебский курьер news”. Бацькі не дужа разумеюць “іерархію” сілавікоў, таму прозвішчаў тых, хто да іх прыходзіць, не запамінаюць, ніякіх афіцыйных папер не патрабуюць. Але некалькі разоў пыталіся, ці насамрэч супраць мяне завялі крымінальную справу і што мне пагражае. Адказы кожнага разу розныя: то ім кажуць, што справа ёсць, то яе яшчэ няма. Аднойчы сказалі, што крымінальную справу завядуць, як толькі я вярнуся ў Беларусь, але “шмат не дадуць”», — распавёў Аляксандр Корнышаў.
Паводле ягоных слоў, апошні раз міліцыянты прыходзілі з тыдзень таму, аднак у хату не зайшлі. Распытвалі суседзяў, паказвалі фотаздымак, цікавіліся, ці ведаюць яны такога чалавека, ці даўно бачылі. Увогуле ж візіты сілавікоў ужо набылі рэгулярны характар: яны пачаліся напрыканцы 2022 года, і галоўнае, пра што тады распытвалі родных Аляксандра — гэта яго дзейнасць як рэдактара «Витебского курьера news». Таксама пыталіся пра ягоныя погляды на палітыку беларускіх уладаў, настойліва прасілі назваць ягоны цяперашні адрас і якім чынам з ім можна звязацца.
Апошні раз непасрэдна са следчымі Аляксандр Корнышаў меў кантакты ў лістападзе 2020 года: праз тры дні пасля ягонага ад’езду з радзімы яму ў Telegram напісаў следчы з Мінска. Ён хацеў дапытаць Аляксандра па справе кіраўніка грамадскай ініцыятывы «Альтернатива» Алега Корбана, затрыманага напярэдадні, 25 кастрычніка. Корнышаў быў ягоным намеснікам, і, разумеючы пагрозу асабістай свабодзе, з’ехаў з Беларусі спачатку ў Кіеў, потым нейкі час жыў у Нямеччыне, цяпер перабраўся ў Польшчу.