Да намесніка старшыні КДК Рэспублікі Беларусь Станіслава Наркевіча са сваімі пытаннямі звярнуліся толькі дзве заяўніцы – яскравы паказчык даверу людзей да ўлады. Адна з іх хацела разабрацца ў пытанні налічэння пенсіі і даплат да яе, другая скардзілася на тое, што ёй незаконна знялі страхавыя выплаты.
Першая жанчына паведаміла Наркевічу, што яна з'яўляецца інвалідам 1-й групы, ганаровым донарам Беларусі і лічыць, што ёй недаплачваюць належныя сацыяльныя выплаты.
На прыём была запрошана намеснік начальніка ўпраўлення Інэса Пашкевіч, якая патлумачыла, што пенсія і ўсе належныя надбаўкі грамадзянцы налічаны згодна з заканадаўствам. Як высветлілася, гэтае пытанне раней ужо правяралася профільным камітэтам аблвыканкама, Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і нават пракуратурай. Але нічога не змянілася.
І Станіслаў Наркевіч таксама запэўніў жанчыну, што з налічэннем ёй пенсіі быццам усё ў парадку.
Другое пытанне датычылася страхавых выплат жыхарцы аграгарадка Ахрэмаўцы, якая шмат гадоў лічыць, што іх знялі незаконна. Па гэтым пытанні пінсіянерка звярталася ў суд, ужо вынесена судовае рашэнне, з якім заяўніца не згодная.
Як піша сайт мясцовай раёнкі braslav-star.by, грамадзянцы не аднойчы спрабавалі растлумачыць як мясцовыя ўлады, так і высокапастаўленыя чыноўнікі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, што суд - высокая інстанцыя і ўмешвацца ў яе дзейнасць ніхто не мае права. Аспрэчыць жа рашэнне магчыма, але зноў-такі - толькі ў судовым парадку. Чарговы раз гэтую ісціну патлумачыў ахрамаўчанцы і супрацоўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Наркевіч.
Галіна Каравай