На сайце абласной газеты «Витебские вести» выйшаў артыкул «Жители Витебска против новых жилых домов: как разрешился конфликт на проспекте Строителей». Там парушэнне заканадаўства пададзена як прагрэсіўная з'ява. Маўляў, УКС «забросил пробный шар в виде сообщений на сайте и на подъездах домов о будущей стройке», «заранее «прощупали» мнение людей». Пры гэтым старшыня абласнога камітэта па будаўніцтве і архітэктуры Юрый Выжыкоўскі вымушаны пагадзіцца, што «такие дома не возводятся без общественного обсуждения», аднак, маўляў, «даже на этой стадии» - заўважым, не прадугледжанай заканадаўствам, «со стороны жильцов возникли большие претензии, некоторые из них обоснованные».
Ад ідэі будаўніцтва ўладам давялося адмовіцца: грамадскасць перамагла – дваравыя актывісты напісалі звароты ва ўсе магчымыя інстанцыі, сабраўшы некалькі дзясяткаў подпісаў. Больш за тое: рашучасць у адстойванні сваіх законных інтарэсаў змусіла ўлады прыгадаць, што і раней ад мясцовых жыхароў паступалі скаргі на добраўпарадкаванне тэрыторыі, перабоі з водазабеспячэннем, адсутнасць вулічнага асвятлення і сучаснага абсталявання на дзіцячых пляцоўках. Усе гэтыя прэтэнзіі былі паўтораныя і ў сувязі з перспектывай будаўніцтва новага квартала.
У выніку, адмяніўшы яго, улады паабяцалі людзям правесці «рамонтныя работы па ўпарадкаванні тэрыторыі» і нават закупіць і ўсталяваць некалькі дзіцячых гульневых комплексаў. Праўда, толькі ў 2025 годзе.
Таццяна Шмыга