Панядзелак, 10 Чэрвень 2024

Жыхары Докшыцкага раёна пачалі часта трапляць у фотапасткі. За гэта яны плацяць вялікія штрафы

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фото Ілюстрацыйнае фото

Нарыхтоўку соку, выруб елак пад Новы год, самавольную высечку дрэў, забруджванне бытавымі адходамі лесу. Усё гэта фіксуюць фотапасткі на тэрыторыі Докшыцкага раёна, піша сайт “Родныя вытокі”.

Як распавёў інжынер па ахове і абароне лесу Бягомльскага лясгаса Міхаіл Сураўцаў, напрыклад, напрыканцы траўня ў фотапасткі Бягомльскага лясгаса трапілі два жыхары аднайменнага сельсавета падчас самавольнай вырубкі драўніны.

Фотапастка, якая зафіксавала гэтыя дзеянні, была размешчана ў 69 квартале Бягомльскага лясніцтва. У кадры быў добра бачны моманты распілоўкі і пагрузкі драўніны ў машыну, выдатна праглядаўся дзяржнумар аўтамабіля, а таксама фігуры двух чалавек. Інцыдэнт гэты адбыўся 27 мая а палове дзясятай гадзіны. Мужчыны цалкам прызналі сваю віну і сплацілі шкоду ў поўным аб’ёме.

Таксама Міхаіл Сураўцаў зазначыў, што зараз вельмі пажаранебяспечны перыяд, а таму ўжо толькі за адно гэта пры знаходжанні ў лесе ў перыяд забароны ці абмежавання на яго наведванне можна патрапіць на ўнушальныя штрафныя санкцыі.

Інжынер па ахове і абароне лесу Бягомльскага лясгаса распавёў яшчэ пра адзін выпадак, які здзейсніў яшчэ адзін мужчына. Амаль 1000 рублёў каштавалі парушальніку 13 дрэў, на якія ён спакусіўся ў эксплуатацыйных лясах. Калі б такое ж правапарушэнне адбылося ў ахоўных лясах, грамадзяніну прыйшлося б заплаціць штраф у два разы большы.

Сураўцаў распавёў і пра розную рэакцыю людзей на работу фотапастак. Паводле яго слоў, адны прызнаюцца, што не верылі, што інфармацыя паступае так хутка, другія лічылі, што здымкі будуць няякаснымі і іх ніхто не знойдзе, трэція спадзяваліся, што гэта не сапраўдная камера, а муляж. Супрацоўнікі лясніцтва паведамляюць пра тое, што яны распрацоўваюць яшчэ некалькі эпізодаў і так званыя лясныя “лісты шчасця” абавязкова дойдуць да адрасатаў.

«Не трэба думаць, што, калі вы агледзеліся і не ўбачылі ў лесе фотапастку, яе і сапраўды там няма. Як паведамляе ляснічы, фотапасткі ўстанаўліваюцца патаемна, на вышыні ад трох метраў. Працуюць аўтаномна на акумулятарных батарэях. Прынцып дзеяння такі: пастка абсталявана датчыкам руху, і, як толькі ў поле зроку трапляе аб’ект, які рухаецца, робіцца адно або некалькі фота. Таксама можа зняць кароткае відэа – залежыць ад настройкі. Зрабіўшы здымак, фотапастка аўтаматычна захоўвае яго на флэш-карту і адпраўляе паведамленне на тэлефон назіральніка. На здымку адлюстроўваюцца дата і час фіксацыі», – кажа галоўны ляснічы Бягомльскага лясгаса Сяргей Класоўскі.

Паводле ляснічага, за перыяд работы фотапастак шмат чаго трапляла ў іх кадр. Напрыклад, выяўляліся грамадзяне, якія праводзілі незаконную нарыхтоўку соку, выруб елак пад Новы год, займаліся самавольнымі высечкамі дрэў, забруджвалі бытавымі адходамі тэрыторыю ляснога фонду.

А яшчэ, па сцвярджэнні супрацоўнікаў лясніцтва, фотапасткі аказаліся самым эфектыўным спосабам прафілактыкі лясных пажараў.

Ніна Маркава