У сярэдняй школе №1 гарадскога пасёлка Шаркаўшчына пачаў сваю працу грамадзянска-патрыятычны лагер «Юны патрыёт». У гэтым годзе яго наведваюць 70 хлопчыкаў і дзяўчынак. Піша шаркаўшчынская раёнка «Кліч Радзімы».
І хоць летнія вакацыі для школьнікаў - гэта час, у якім ёсць магчымасць паправіць сваё здароўе, здабыць новыя знаёмствы і атрымаць незабыўныя ўражанні, але асноўнай мэтай арганізацыі аздараўленчага летніка «Юны патрыёт» у Шаркаўшчыне з'яўляецца патрыятычнае выхаванне.
Як піша «Кліч Радзімы», на працягу 15 дзён будуць з карысцю бавіць час школьнікі ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Рабяты ўжо ўцягнутыя ў насычаную, разнапланавую праграму мерапрыемстваў: бяруць удзел у конкурсах, гульнях, эстафетах. Таксама наведваюць аб'яднанні па інтарэсах рознай накіраванасці: музычныя, спартыўныя, інтэлектуальныя.
Дзяцей падзялілі на тры атрады. Два атрады носяць назву герояў Вялікай Айчыннай вайны (Другой сусветнай вайны) Рамана Кудрына і Аляксандра Халаева, трэці — малалетняга вязня Марыі Корсак.
Кожны дзень дзяцей у летніку педагогі напаўняюць мноствам мерапрыемстваў і экскурсій, скіраваных на патрыятычнае выхаванне.
І калі раней у летніках былі ў прыярытэце мэты па сямейным выхаванні, карысталіся попытам пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы, то цяпер, у часы мілітарызацыі беларускага грамадства, гэтая тэма пераважае і ў дзіцячых летніках.
Валянціна Кулакова