Аўторак, 18 Чэрвень 2024

У Верхнядзвінскім касцёле ўстаноўлены дзень памяці ксяндза Мечыслава Багаткевіча, закатаванага ў 1942 годзе

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сёлета 12 чэрвеня ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўпершыню прайшла ўрачыстасць, прысвечаная памяці ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які быў пробашчам мясцовай  каталіцкай парафіі  з 1 снежня 1941 года да 16 студзеня 1942 года. У Верхнядзвінскай парафіі з гэтага года нараджаецца традыцыя ўшаноўваць яго памяць. Сёлета  споўнілася 120 год з дня нараджэння святара.

Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 года ў маёнтку Крыкалы каля Дунілавічаў (цяпер Віцебская вобласць).  Дзядуля Мечыслава ў свой час прымаў удзел у паўстанні 1863-64 гадоў,  а дзядзька Альфонс Зянкевіч быў святаром Віленскай архідыяцэзіі і дэканам у Крынках. Сям’я Багаткевічаў была вялікая, акрамя Мечыслава, там было яшчэ было васьмёра дзяцей. Адзін з іх -Станіслаў - таксама стаў святаром.

Мечыслаў скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю, потым паехаў у Варшаўскі універсітэт, каб вывучаць педагогіку. Пасвячэнне ў святары адбылося 23 ліпеня 1933 г.

Пасля пасвячэння ў святарыў 1933 годзе ксёндз Мечыслаў распачаў працу ў Драгічыне, пазней быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы.

Калі пачалася Другая Сусветная вайна,  ксёндз Мечыслаў Багаткевіч паехаў да свайго брата ксяндза Станіслава, пробашча ў Пушках. Там ён даведаўся, што ў бліжэйшай парафіі Пеліканы няма святара, а таму накіраваўся туды і застаўся там да восені 1941 года. Ён вельмі выразна акрэсліў сваё стаўленне да нямецкага нацыянал-сацыялізму, асуджаючы ў сваіх казанях напад нацысцкай Германіі. У лістападзе 1941 года ксёндз Мечыслаў накіраваўся ў Верхнядзвінск ( тады г. Дрыса), якая знаходзілася на тэрыторыі БССР была пад нямецкай акупацыяй. Там, дзе людзі ўжо шмат гадоў былі пазбаўленыя святара і знаходзіліся пад ціскам ваяўнічай атэізацыі,  святар распачаў працу па аднаўленню духоўнага жыцця. Актыўная і энэргічная праца не спадабалася акупантам.

Узімку 1942 года гестапа выдала загад на арышт ксяндза Мечыслава. Даведаўшыся пра гэта, вернікі патаемна папярэдзілі святара пра небяспеку. Аднак ён не зрабіў ніякіх спробаў, каб уцячы і ўратаваць сваё жыццё, а заставаўся з людзімі і выконваў сваю святарскую паслугу. 16 студзеня 1942 года ён быў арыштаваны і вывезены ў турму ў Браслаў, а потым у Глыбокае. Вечарам 2 сакавіка ксяндза Мечыслава Багаткевіча разам з ксяндзамі Уладзіславам Мацьковякам і Станіславам Пырткам змясцілі ў камеру смяротнікаў. На світанні 4 сакавіка 1942 г. святары былі вывезеныя ў лес каля вёскі Барок і расстраляныя. Пра пакутніцкую смерць ксяндза яшчэ памятаюць мясцовыя старажылы

13 чэрвеня 1999 года папа Ян Павел ІІ абвясціў благаслаўлёнымі 108 пакутнікаў, адзін з іх – святар Мечыслаў Багаткевіч. 

Урачыстасць з нагоды ўшанавання благаслаўлёнага пакутніка Мечыслава Багаткевіча адбылася ў Верхнядзвінскім касцёле.  Удзел у ёй прынялі духоўныя асобы і вернікі з розных парафій, падчас урачыстасці быў асвечаны абраз благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, які будзе адкрыты для ўшанавання і пакланення.

Мальвіна Белакоз