А выступіў з такім пасылам Філімонаў падчас так званага Адзінага дня інфармавання ў калектыве камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства "Бароўка".
Таксама на сустрэчы з лепяльчанамі прысутнічаў кіраўнік раёна Міхаіл Кісялевіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Святлана Шавялёва. Асноўнай тэмай іх выступу было 80-годзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
З падобнымі выступамі на гэтую тэматыку выступаюць зараз чыноўнікі ва ўсіх раёнах Віцебшчыны, лепельскія чыноўнікі таксама працуюць згодна плану.
«80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - знакавая падзея ў жыцці беларускага народа. Памяць аб праўдзе вайны павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне. Маладому пакаленню і далей будзем расказваць праўду пра ўсе нягоды і пазбаўленні таго часу, гераічны подзвіг савецкага народа, дзякуючы якому атрымалі Вялікую Перамогу», - сказаў кіраўнік Лепельшчыны Міхаіл Кісялевіч.
Далей ён паглыбіўся ў гісторыю, згадаў аперацыю «Баграціён» і прывёў некалькі статыстычных дадзеных. Пасля адзначыў, што неабходна захоўваць гістарычную памяць як аснову незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, асабліва ў эпоху перапісвання гісторыі. Праўда, цяперашнюю вайну ён не згадаў і падрабязнасцяў пра тое, хто перапісвае гісторыю ў Беларусі, ён не агучыў.
Пасля гэтага людзей пачалі запужваць адказнасцю за так званы экстрэмізм.
Перад прысутнымі выступіў намеснік пракурора Аляксандр Філімонаў, які паведаміў, што «экстрэмізм» сёння ўсё больш грозна заяўляе аб сабе, парушаючы найважнейшыя правы чалавека: на жыццё, свабоду, бяспеку. Ён паведаміў, што за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмісцкай дзейнасці» або якая прапагандуе такую дзейнасць, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па арт. 19.11 КаАП. Ён адзначыў, што ў дадзеным выпадку тэрмін прыцягнення да адказнасці пачынаецца з моманту выяўлення правапарушэння, а не з моманту апублікавання інфармацыі, рэпоста і г.д.
Праўда, як і кіраўнік Лепеля, не распавёў, хто сапраўдныя экстрэмісты ў Беларусі, хто парушае правы на жыццё, свабоду, бяспеку беларусаў і хто з аўтаматамі бегае па тэрыторыі Беларусі і пагражае яе народу.
Традыцыйна гэтая сустрэча чыноўнікаў з працоўным калектывам скончылася тым, што прысутным дазволілі задаць хвалюючыя пытанні. Як аказалася, больш за тэму вайны і так званага экстрэмізму, лепяльчан хвлюе, калі ў Лепелі адкрыецца фізкультурна-аздараўленчы цэнтра з басейнам, а таксама праграма мерапрыемстваў на святы.
Алеся Дзюба