Пятніца, 22 Лістапад 2024

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін вучыўся падаўляць пратэсты?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Чарговы этап камандна-штабных вучэнняў з удзелам суб'ектаў дзяржаўнай сістэмы рэагавання адбыўся ў Віцебскай вобласці, паведамляе Тэлеграм-канал «Милиция Витебщины». Вучэнні адбыліся «на адным з ваенных палігонаў», на іх адпрацоўвалі «алгарытмы спынення парушэнняў заканадаўства на ўчастках для галасавання» і «дзеянні па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку».

За ходам вучэнняў назіраў намеснік Міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк. У іх прынялі ўдзел: старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч і начальнік УУС генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў, паведамляе Тэлеграм-канал абласной структуры МУС.

Віцебскі спецназ дэманстраваў уменне «блакіраваць праездную частку», затрымліваць «удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў» і «злачынцаў, якія захапілі транспарт экстраных службаў». Пры гэтым, паводле міліцэйскай прэсавай службы, удзельнікі вучэнняў «паказалі прафесіяналізм і зладжанасць дзеянняў, вокамгненна рэагуючы на ўсе ўступныя задачы».

У тым, што міліцыя здольна жорстка збіваць удзельнікаў мірных пратэстаў, пераканаўся ў 2020 годзе ўвесь свет. А вось што да «захопу транспарту экстраных службаў», то нічога падобнага ў Віцебску тады не было. «Органы ўнутраных спраў і ўнутраныя войскі Віцебшчыны прадэманстравалі сваю гатоўнасць да выканання задач ва ўмовах ускладнення аператыўнай абстаноўкі», -- піша «Милиция Витебщины».

Але Тэлеграм-канал вельмі цмяна характарызуе ўдзел у вучэннях старшыні аблвыканкама: ці ён кантраляваў дзеянні сілавікоў, ці сам трэніраваўся бараніць, да прыкладу, давераную яму ўстанову.

Калі ў 2020 годзе пратэстўцы 10 жніўня прыйшлі да аблвыканкама, каб сустрэцца з кіраўніцтвам вобласці, то высветлілася, што на працы нікога няма: мясцовыя ўлады проста збеглі праз запасны выхад. І разгублены міліцыянт на ўваходзе нават не ведаў, што сказаць. Цікава: на апошніх вучэннях гаварылася пра тое, што «капітан карабля мусіць пакідаць судна апошнім», нават у тым выпадку, калі яно тоне?

Ягор Гарбузаў