Субота, 23 Лістапад 2024

Лепяльчан запалохвалі «паўтарэннем падзей 2020 года»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Лепелі прайшоў так званы «Адзіны дзень інфармавання» - імпрэза, на якую сабралі супрацоўнікаў устаноў культуры Лепельшчыны, а таксама Цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна. Перад імі выступалі намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканкама Вячаслаў Дурноў і намесніца начальніка аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ірына Сафейчанка.

Прысутнічалі на сустрэчы і мясцовыя кіраўнікі: намесніца старшыні райвыканкама Вераніка Хомбак і кіраўніца аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Святлана Шавялёва.

Выступоўцы гаварылі пра будучыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як вынікае са словаў намесніка старшыні аблвыканкама Вячаслава Дурнова, улады баяцца праяваў пратэстных настрояў. А таму спрабуюць запалохаць і сваіх падначаленых – стварыць падставы для таго, каб выбарчая кампанія праходзіла ў атмасферы страху і ўзаемнага недаверу.

«Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб пазбегнуць паўтарэння падзей 2020-га. Наша задача - узаемадзейнічаць з калектывамі і навучэнцамі, тлумачачы важнасць захавання Канстытуцыі Беларусі, прынятай намі сумесна. У ёй дакладна прапісаны патрабаванні да выбарчай кампаніі і захавання бяспекі ў гэтым працэсе. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць моладзі, бо менавіта на гэтую катэгорыю будзе накіравана ўвага нашых апанентаў. Мы ўжо назіраем рост актыўнасці, у тым ліку фэйкавыя навіны і правакацыі, і гэта будзе толькі ўзмацняцца, - адзначыў Вячаслаў Дурноў.

Намеснік старшыні аблвыканкама нават не заўважае, што ягоныя словы гучаць выразным дысанансам у параўнанні са шквалам ухвальных паведамленняў, якія бесперапынна прадукуюць дзяржаўныя СМІ. Пастаянна паўтараюцца фразы пра тое, што беларусы пагалоўна давяраюць дзейнаму прэзідэнту і шчаслівыя ад усяго, што адбываецца ў краіне падчас яго кіравання. Што за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам на прэзідэнта падпісваюцца мільёны людзей, што Беларусь квітнее, і нават санкцыі пайшлі ёй на карысць, што тутэйшаму жыццю зайздросцяць замежнікі, якія прыязжаюць сюды як у рай на зямлі...

На фоне такой рыторыкі запалохванні «паўтарэннем падзей 2020 года» гучаць прынамсі дзіўна. Тым болей, што зусім нядаўна віцебская міліцыя рапартавала пра тое, як праходзілі вучэнні з адпрацоўкай «алгарытмаў спынення парушэнняў заканадаўства на ўчастках для галасавання» і «дзеянняў па спыненні групавых парушэнняў грамадскага парадку».

Атрымліваецца, што ўлады зусім не ўпэўнены ў тым, што народ верыць Лукашэнку і ўсім тым аповядам пра поспехі беларускай эканомікі і палітыкі, якімі «кормяць» грамадства. Хаця чым бліжэй да выбараў, тым больш інтэнсіўна ўсё гэта робіцца.

Наталля Смакотка