Кампанія «Вялікалуцкі мясакамбінат» шукае зямлю пад разьмяшчэньне яшчэ двух вытворчых пляцовак. У красавіку магутнасьць сьвінагадоўчага комплексу дасягне 1 000000 галоў, а яшчэ праз 2 гады – 2 000 000 галоў. Такім чынам, ВЛМК цалкам можа скласьці канкурэнцыю расейскаму лідэру рынку сьвініны - групе «Міраторг», заняўшы 10% рынку. Будаўніцтва сьвінагадоўчага клястэру з магутнасьцю ў два мільёны сьвіней пры адсутнасьці незалежнай экалягічнай экспэртызы ўжо цяпер, пры ўводзе першай чаргі ў 260 тысяч галоў, стварае масу экалягічных праблем жыхарам Невельскага раёну.
Рэалізацыя ўсяго праекту пагражае глабальнымі экалягічнымі праблемамі як басэйну ракі Ловаць, гэтак і басэйну Дзьвіны. Прапануем вашай увазе артыкул расейскіх эколягаў аб праблемах сьвінагадоўчых комплексаў для экалёгіі рэгіёну, а таксама спасылкі на іншыя артыкулы па тэме сьвінагадоўчых комплексаў ВЛМК поўдня Пскоўскай вобласьці, якія мяжуюць зь Віцебскай вобласьцю.
Дацкая сьвіньня пад Невель
Адзін з найгалаўнешых сусьветных вытворцаў сьвініны - Данія - адмаўляецца ад будаўніцтва фэрмаў на сваёй тэрыторыі. Разбуральнае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе сьвіных выкідаў ўсьвядомілі і іншыя краіны. У якіх уведзеныя вельмі жорсткія экалягічныя патрабаваньні да вытворчасьці сьвініны. Спрыяльныя ўмовы для жыцьця людзей тут маюць бясспрэчны прыярытэт над інтарэсамі бізнэсу.
Артыкул 42 Канстытуцыі РФ: «Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяродзьдзе, дакладную інфармацыю аб яе стане і на пакрыцьцё шкоды, прычыненай яго здароўю або маёмасьці экалягічным правапарушэньнем».
Невельскі раён не прапаноўваць!
Адміністрацыя Пскоўскай вобласьці пляваць хацела на прыроду і 42-ы артыкул Канстытуцыі Расеі. Мясцовы губэрнатар без ваганьняў даў згоду на будаўніцтва сьвінога мэгакомплексу «Вялікалуцкі». Для адводу вачэй насьпех ладзіцца экалягічная экспэртыза праекту. І вось, зусім побач са знакамітымі блакітнымі азёрамі Невельшчыны зьявіліся сьвінафермы і лагуны-адстойнікі. На губэрнатарскі загад і жаданьне бізнэсоўцаў.
Дацкія сьвінаматкі абяцалі дасягненьне хуткага эканамічнага дабрабыту. Вось чаму так стрымана Невельскія начальнікі і дэпутаты задушылі ідэю разьвіцьця экалягічнага турызму.
Там, дзе раней пахла травой і лесам, сёньня сьціскае дыханьне ад смуроднага аміяку. Па прыдарожных канавах сьцякаюць прадукты жыцьцядзейнасьці сьвіней. Магутнымі аўтамабілямі зьнішчаныя раённыя грунтавыя дарогі. Найчысьцейшы некалі куток Расеі гіне пад тысячамі тон сьвінячых фэкаліяў.
Экспэртнае меркаваньне:
Сьвіны гной нясе небясьпеку прыродзе. Адходы індустрыяльных сьвінафэрмаў ў якасьці угнаеньняў выкарыстоўваць нельга - у іх зьмяшчаецца да 400 небясьпечных субстанцыяў: цяжкія мэталы, антыбіётыкі, гармоны, пэстыцыды , грабеньчатыя чарвякі, хваробатворныя вірусы і мікробы, узбуджальнікі сьвіной чумы, сальманэлы, яшчуру.
24 лагуны для збору гною сьвінакомплексу Вялікалуцкага мясакамбінату сталіся самай маштабнай экалягічнай пагрозай у гісторыі Невельскага раёну. І будзе іх амаль дзьвесьце!!!
● Мікраарганізм Pfisteria piscicida экспэрты называюць «мікробам зь пекла»! Гэты мікроб, трапляючы са сьвіных гнаявых адстойнікаў ў вадаёмы, становіцца прычынай сьмерці мільярдаў рыб штогод. Людзям ён пагражае цяжкімі хваробамі лёгкіх і мозгу.
Мясцовыя жыхары поўныя адчаю - прадаць сваю хату або ўчастак сёньня немагчыма. «Невельскі раён не прапаноўваць!» - Такіх аб’яў досьць у рэкляме.
Кіраўнік раёну Вашчанка публічна убіў апошні цьвік у труну экалягічнага дабрабыту краю: «Невельшчына перастала быць экалягічнай пэрлінай Пскоўскай вобласьці».
Сьведчаць мясцовыя жыхары: «А дзявятай гадзіне вечару на фэрме робяць вэнтыляцыю. Смурод на кілямэтры накрывае ўсё вакол. Вытрываць такое цяжка. Асабліва пажылым і дзецям. Насельніцтву самы час нацягваць адгазьнікі. Калі будавалі, абяцалі горы залатыя, а цяпер жыць тут стала немагчыма».
Тры мільёны тон яду
Грамадзкасьць і эколягі адчайна грукаюцца ва ўсе інстанцыі: «Магутнасьцяў ачышчальных збудаваньняў і абсталяваньня па перапрацоўцы сьвіных выкідаў катастрафічна не хапае! Усё гнаявое «дабро» вывальваецца на палі! Прыміце меры!» Але крытычная экалягічная сытуацыя ў Невельскім раёне не хвалюе ані губэрнатара, ані уласьнікаў сьвінабізнэсу.
● Паўмільёна сьвіней за год вырабляюць паўтара мільёна тон гною! Мільён ж сьвіней за адзін год здольныя «акультурыць» Невельскую зямлю трыма мільёнамі агрэсіўнай атруты!
● На сьвінафэрме кампаніі Smithfield у амэрыканскім штаце Юта ўтрымліваецца 850 тысяч сьвіней. Яны вырабляюць фэкаліяў больш, чымся мэгаполіс Ню-Ёрк зь яго больш як 8 мільёнамі насельніцтва.
Па вытворчасьці сьвінога гною комплекс «Вялікалуцкі» ставіць небясьпечныя рэкорды. Але губэрнатар Турчак просіць не хвалявацца за флёру і фаўну раёну.
А хвалявацца трэба, і нават вельмі! Паводле нормаў на 50 кубоў сьвіных адходаў патрабуецца 1 гектар ральлі. Комплекс штодня выпрацоўвае 550 кубічных мэтраў фэкаліяў. Для перапрацоўкі такой колькасьці гною неабходна 11 тысяч гектараў ральлі. Але комплекс мае толькі 5,5 тысяч га. У выніку «норма» сьвіных фэкаліяў, параскіданых па Невельскай зямлі, нашмат пераўзыходзіць крытычную.
Як піша газэта «Псковская правда», у ліпені 2013 году пскоўскі губэрнатар з гэтай нагоды моцна гневаўся на сьвінапрамыслоўцаў: «Калі хтосьці вас падстаўляе, то гэта адно. А калі гэта ваш гной, то вы павінны навесьці парадак. Я з вас ня зьлезу…»
Але не стрымаў слоў Андрэй Анатольевіч, зьлез. Экалягічнае бязьмежжа працягваецца…
Лічбы і факты:
● 200 тон сьвінога гною на гектар забіваюць расьліннасьць і павялічваюць ўтрыманьне цяжкіх мэталаў у зямлі да 8 ГДК.
● На Далёкім Усходзе адбываецца тое ж самае, што і ў Невелі: кітайскія сьвінагадоўцы «забіваюць» тысячы гектараў зямель, робяць нежывымі на дзесяцігодзьдзі рэкі і азёры!
● У Кіраўскай вобласьці адходы сьвінафэрмы, якая належыць аграфірме «Даронічы», забілі рыбу ў рацэ Бахцінка.
● У Невельскім раёне ў вёсцы Сянюціна знойдзены ачаг афрыканскай чумы. Усё пагалоўе жывёлы ў радыюсе 20 км падлягае зьнішчэньню. Тэрыторыя сьвінакомплекса ня трапіла ў радыюс распаўсюджваньня захворваньня.
Нажыва даражэй за прыроду
Уладальнікі сьвінабізнэсу крычаць: «Бог зь ёй, з экалёгіяй! Затое раён зьймее эканамічны рухавік!»
Наконт рухавіка - міт! Вось лічбы. У 2012 годзе ў бюджэт вобласьці паступіла 25 мільёнаў рублёў падаткаў ад сьвінакомплексу. Гэта ў 10 разоў менш за раённы бюджэт! Дзе ж абяцаныя казачныя падатковыя паступленьні? Замест іх - нікчэмная кампэнсацыя за маштабную экалягічную шкоду. За пазбаўленьне насельніцтва раёну канстытуцыйнага права на жыцьцё ў спрыяльным навакольным асяродзьдзі.
А тым часам старшыня рады дырэктараў Вялікалуцкага мясакамбінату Ўладзімер Падвальны пагражае неўзабаве павялічыць пагалоўе таварных сьвіней да аднаго мільёна! Значыць, тры мільёны тон сьвіных выкідаў могуць легчы на палі раёну…
Цяжка нават уявіць наступствы будучага гнаявога «наступу» на поўдзень Пскоўскай вобласьці…
P.S.
19 жніўня 2013 году высокае начальства аглядала з гелікоптэру Невельскі раён. Убачаным застаўся вельмі задаволены намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Юр’еў. Яго настолькі ўразіла маштабнасьць праекту, што ён захоплена прамовіў: «Такіх інвэстараў трэба песьціць, лашчыць і насіць на руках!»
Зручным момантам скарыстаўся намесьнік губэрнатара Сяргей Пернікаў. Ён папрасіў выдзеліць грошай з цэнтру на будаўніцтва ўтылізацыйнага заводу. Што і было яму паабяцана. У якім годзе будзе ўведзены ў строй гэты завод - аднаму Богу вядома. Але адно відавочна: за гэты час мільёны тон сьвінячых спаражненьняў будуць інтэнсіўна атручваць зямлю, ваду і паветра Невельшчыны.
Паводле haradok.info