Урадавая перашкода
Намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч, адказваючы на зварот палачан на «простую тэлефонную лінію» наконт пытаньня зносу дрэва паведамляе, што пастанова ўраду не дазваляе гэтага зрабіць: «…Абсьледаваньне якаснага стану магчымае па наяўнасьці і стане лістоты. У летні пэрыяд 2014 году будзе праведзенае дадатковае абсьледаваньне драўняна-хмызьняковай расьліннасьці і, пры неабходнасьці зносу, будзе прынятае адпаведнае рашэньне…».
Абяцаньне не выконваецца
З той жа прапановай жыхары двара празь мясцовае самакіраваньне зьвярталіся да дырэктара полацкага ЖКГ Андрэя Сідзюка яшчэ ў чэрвені 2013 году. У сваім звароце ў ЖКГ яны паведамлялі: «25 траўня 2013 году ў двары дому №23 па праспэкце Ф. Скарыны павалілася старое дрэва ў непасрэднай блізкасьці зь дзіцячай гульнявой пляцоўкай. Па шчасьлівай выпадковасьці ніхто не пацярпеў. На сёньня, 12 чэрвеня 2013 г., гэтае дрэва так і ляжыць на тэрыторыі двара і ўяўляе небясьпеку для дзяцей. Буйныя габарыты і вялікая вага дрэва, якое ўпала, не дазваляюць прыбраць яго сіламі дворнікаў».
Дрэва, якое ўпала, тады ўсё ж прыбралі, і дырэктар ЖКГ паабяцаў, што «знос сухастойных дрэваў у двары жылога дома №21 па пр. Ф. Скарыны будзе праведзены ў тэрмін да 5 жніўня бягучага году [2013 г.]». Гэтае абяцаньне так і не было выкананае…
Алергічныя таполі
Жыхары дому №21 даўно ўжо патрабуюць ад ЖКГ сьпілаваць старыя (але яшчэ не засохлыя) таполі ў двары, якія становяцца крыніцай алергічнага пуху. Акрамя таго, людзі асьцерагаюцца, што старыя таполі могуць пры моцным ветры зваліцца і пашкодзіць вокны ў доме і машыны на стаянцы. У адказ грамадзяне атрымліваюць толькі бюракратычныя адпіскі, а небясьпека захоўваецца.
Пагрозы павялічваюцца
На сёньня яшчэ адно дрэва каля дзіцячай пляцоўкі засохла і пагражае падзеньнем. Сытуацыю пагаршае тое, што праз гэтае дрэва (як апірышча) працягнутая часовая лінія электраперадачы, якая была ўсталяваная яшчэ да полацкіх «Дажынак» 2002 году. Гэтая лінія электрычнасьці сама ўяўляе небясьпеку, бо правісла, і да яе можна ў некаторых месцах дацягнуцца рукою.
Апэратыўна, але не эфэктыўна
Варта сказаць, што пасьля паведамленьня пра сухастой на «простую тэлефонную лінію», якую ладзіў старшыня полацкага райсавету Іосіф Грыбовіч, ужо праз паўгадзіны ў двор прыехала машына з вышкай і рабочымі для зносу сухастою. Але сьпілоўваць дрэвы ня сталі, бо перашкаджалі легкавікі на стаянцы ля дрэва. На наступны дзень жыхары прыбралі машыны са стаянкі, але рабочыя зноў так і не прыехалі.
Калі двор прывядуць у больш бясьпечны стан – цяпер невядома.
Крыніца: Дыялёг Online газэта