Аўторак, 08 Ліпень 2014

Лукомальскае возера пакрылася дзіўнымі разводамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На гарачую лінію парталу tut.by зьвярнуліся жыхары гораду Новалукомаль у Віцебскай вобласьці і распавялі пра дзіўную зьяву. Некалькі дзён таму ў вадзе Лукомскага возера (на беразе якога разьмешчаны сам горад і цеплавая электрастанцыя) зьявіліся разводы белага і зялёнага колераў, а частка берагу афарбавалася ў насычаны бірузовы колер.

Здымкі вады і берагу зрабіў чытач парталу з Новалукомля Dmitry Astashka. “Вада па ўсім беразе возера моцна забруджаная. Мясцовыя жыхары з гораду і іншых населеных пунктаў, разьмешчаных побач з вадаёмам, сур’ёзна занепакоеныя яго станам”, - паведамляе мужчына. Мору рыбы ў возеры не зафіксавана, паведамілі ў Лепельскай міжраённай інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

Варта адзначыць, што на беразе возера знаходзіцца найбуйнейшая гідраэлектрастанцыя Беларусі - Лукомальская ДРЭС. Тут жа побач пабудаваны спэцыяльны канал, па якім вада з возера падаецца на станцыю для астуджэньня. Назад яна вяртаецца ў вадаём з падвышанай на 8-12 градусаў тэмпэратурай. Вялікая акваторыя дапамагае вадзе раўнамерна зьмешвацца, тым ня менш агульная тэмпэратура ў вадаёме амаль заўсёды вышэй на 2-3 градуса, чымся ў іншых азёрах.

Як удалося высьветліць у Чашніцкай райінспэкцыі прыродных рэсурсаў, такая зьява можа быць вынікам тэмпэратурнага скачка ў Беларусі за апошнія некалькі дзён. Цёплае надвор’е разам са звычайным нагрэвам вады ад працы ДРЭС магла выклікаць бурнае размнажэньне сіне-зялёных водарасьцяў. Прасьцей кажучы, “цьвіценьне” вады.

- Такая сытуацыя назіраецца на возеры штогод, але ў сёлета цьвіценьне атрымалася яшчэ больш бурным. Мы ўжо выяжджалі на месца і праводзілі агляд. Вада сапраўды нагадвае сьлізь. Ужо заўтра шэраг замераў зробяць адмыслоўцы зь віцебскай лябараторыі. На мінулым тыдні санстанцыя брала аналіз на бактэрыі, і паказчыкі ня выявілі ніякіх перавышэньняў. Будзе праведзены яшчэ адзін аналіз. Мабыць, надвор’е справакавала “цьвіценьне”. Такое бывае і на звычайных вадаёмах, а тут амаль тэхнічны вадаём. Як можам, тлумачым, бо мясцовыя жыхары хвалююцца: мы кажам, што багавіньне, а нам у адказ - мазут! Але для таго, каб ня быць галаслоўнымі, найбліжэйшымі днямі мы вывучым хімічны склад вады і зможам назваць дакладную прычыну, - паведамілі ў інспэкцыі.

Крыніца: Тут.бай