Нядзеля, 19 Верасень 2021

У Віцебску прайшоў першы экакірмаш «Зялёныя рады»

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

У віцебскай арт-прасторы VZAP 18 верасня ў фармаце гаражнага распродажу прайшоў першы экакірмаш «Зялёныя рады». Тут цягам дня можна было браць удзел у розных актыўнасцяў і майстар-класах, а таксама – прадаваць непатрэбныя прадметы. Ці, наадварот, набыць за невялікія грошы ўпадабаную рэч. А можна было і абмяняцца.

Гаражныя распродажы – вельмі папулярныя зараз у свеце дабрачынныя імпрэзы, на якіх людзі прадаюць непатрэбныя ім рэчы. Атрыманыя грошы ідуць на дабрачынныя мэты. Апроч таго, гэта ёсць добрым спосабам прыемна прабавіць час і пазнаёміцца з актыўнымі і цікавымі людзьмі.

«Зялёныя рады» – такі фармат гарадскога мерапрыемства, у аснове якога ляжыць прынцып «разумнага спажывання», а таксама экалагічная асвета. Гараджане могуць прадаць на маркеце добрыя, але не патрэбныя ім рэчы і набыць за прымальную цану патрэбныя, скажам, сімпатычную вопратку ці нейкія аксэсуары», – сцвярджалі арганізатары.

Купіць можна было адзенне, абутак, упрыгожванні, кнігі, прадметы інтэр'еру і многае іншае. За невялікую плату. Некаторыя з рэчаў можна было наагул узяць бясплатна.

Адзіным, па сутнасці, арганізатарам і натхняльнікам мерапрыемства стала студэнтка 5 курсу віцебскага медуніверсітэту Яна Несалёная. Гэтым летам яна скончыла школу экаактывізму, якую ладзіла «Зялёная сетка» – супольнасць экалагічных арганізацый. І загарэлася ідэяй рэалізаваць які-небудзь экалагічны праект у Віцебску.

Яна Несалёная

«Бо рэчы – мой боль і мая «хвароба». Маю на ўвазе залішняе спажыванне. І ментары мне падказалі зрабіць вось такі гаражны распродаж. А я вырашыла сумясціць адукацыйную частку і абмен рэчамі. Усё носіць дабрачынны характар», – падзялілася Яна.

Паводле яе, у працэсе арганізацыі кірмашу ўзнікалі розныя цяжкасці. І галоўная – гэта праблема з распаўсюдам інфармацыі. «Таму што праект некамерцыйны, бюджэту не мае, і вельмі мала хто хоча рэкламаваць такое мерапрыемства. Бясплатную рэкламу мала хто хоча рабіць», – тлумачыць дзяўчына.

Таксама было няпроста набраць удзельнікаў-прадаўцоў. «За два тыдні набралася 20 удзельнікаў. Гэта насамрэч зусім няшмат. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць аб тым, наколькі жыхары Віцебску зацікаўленыя ў такіх імпрэзах», – кажа.

Удзельнікаў кірмашу дзяўчына шукала і праз знаёмых, і праз рэкламу.

Цягам усяго дня кірмаш наведвалі людзі. Хтосьці – проста паглядзець, іншыя – дзеля куплі. Некаторыя прыходзілі паслухаць лекцыі ці паўдзельнічаць у майстар-класе. Можна было пагуляць у шахматы з юнымі шахматыстамі.

Арганізатарка прасторы Вераніка Рымша прачытала лекцыю «PRO Расхламление», на якой распавяла, як правільна арганізаваць сваю жыццёвую прастору і чаму трэба пазбаўляцца ад непатрэбных рэчаў, якімі спосабамі гэта лепш рабіць.

Алена Хлопцава правяла майстар-клас у вырабе натуральнай касметыкі сваімі рукамі. На кірмашы можна было набыць такую касметыку.

Ганна Стома правяла майстар-клас аб тым, як ствараць ляжанкі для хатніх жывёлаў са старога адзення.

А экаактывістка Марына Алейнікава арганізавала гульню на экалагічную тэматыку «ЭкоAlias».

Апроч таго, усе ахвочыя маглі наведаць custom-зону, дзе мастакі размалёўвалі старыя рэчы, надаючы ім унікальны знешні выгляд.

Марыя Пеліпей працавала ў Custom-зоне

Уладзімір Бяляўскі, фота аўтара