Будаўніцтва фармацэўтычнага прадпрыемства вядзецца ў межах рэалізацыі ў 2021-2023 гадах інвестыцыйнага праекту па арганізацыі вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19 на базе ААТ «БелВітуніфарм». У Міністэрстве аховы здароўя лічаць, што асваенне інвестыцыяў зробіць унёсак у развіццё не толькі рэгіёну, але і ўсёй краіны.
Праўда, у інфармацыі ад міністэрства адсутнічаюць тлумачэнні эканамічнай мэтазгоднасці і тэрміны пакрыцця ўкладзеных дзяржаўных інвестыцыяў.
Плануецца, што завод будзе абсталяваны тэхнікай, вырабленай сусветна вядомымі фірмамі, якія валодаюць інавацыйнымі тэхналогіямі найвышэйшага кваліфікацыйнага класу. Але маюцца асцярогі, што праз санкцыі замежныя партнёры адмовяцца ўдзельнічаць у гэтым праекце. Таксама няма зразумелых тлумачэнняў з боку ініцыятараў будаўніцтва аб наяўнасці кваліфікаванага і кампетэнтнага персаналу, здольнага весці бяспечную эксплуатацыю складанага абсталявання.
Чыноўнікі не хаваюць гонару, што новы завод будзе ўнікальным, не будзе нібыта мець аналагаў на постсавецкай прасторы. На жаль, улады не бяруць у разлік верагоднасць магчымасці, што атрыманая вакцына не будзе запатрабаваная ў 2023-м і наступных гадах у сувязі з тым, што каронавірусная пандэмія сыдзе на нуль.
Насцярожвае тое, што адказныя за будаўніцтва і эксплуатацыю асобы замоўчваюць аб патэнцыйнай небяспецы вытворчасці для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Жыццё навучыла людзей падазрона ставіцца да падобных вытворчасцяў праз выпадкі выцекаў штаму каронавірусу, як гэта адбылося ў 2020 годзе ў сакрэтнай лабараторыі ў кітайскім горадзе Ўхань.
Больш за тое, маюцца абгрунтаваныя асцярогі, што ў межах ваеннага супрацоўніцтва з іншымі краінамі на магутнасцях заводу, які пачаў будавацца ў Доўжы, можа быць наладжаная вытворчасць кампанентаў бактэрыялагічнай зброі новага пакалення.
Алег Кунін