У петыцыі прыводзяцца факты таго, што «у Віцебску супрацоўнікі камунальных службаў (меркавана, ДП «Віцебскі Зелянбуд») у маі і чэрвені 2022 году правялі абрэзку шэрагу дрэваў «пад слуп» (з поўным выдаленнем кароны і верхняй часткі ствала) на некаторых цэнтральных вуліцах». Па інфармацыі аўтараў петыцыі, такую варварскую абрэзку дрэваў учынілі на віцебскіх вуліцах Путна, Пушкіна, Жасткова і на Маскоўскім праспекце. Да тэксту прыкладаюцца фотаздымкі знявечаных дрэў.
Месцічы лічаць, што такое абыходжанне з дрэвамі супярэчыць правілам утрымання азелянёных тэрыторыяў. Правілы гэтыя зацверджаныя пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Віцябляне патрабуюць ад мясцовых улад:
- забяспечыць спыненне практыкі абрэзкі дрэваў «пад слуп» у Віцебску;
- правесці праверку выкладзеных у звароце фактаў парушэння Правілаў правядзення абрэзкі дрэваў;
- патлумачыць, на якой падставе праводзіліся работы па каранаванню (топінгу) дрэваў з поўным выдаленнем кароны і верхняй часткі ствала дрэва;
- забяспечыць праходжанне работнікамі, якія выконваюць працы па абрэзцы дрэваў, навучання (стажыроўкі) для авалодвання тэхнікай абрэзкі дрэваў і кустоў.
А таксама патрабуюць прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці службовых асобаў, вінаватых у правядзенні дадзеных работ, і паінфармаваць у адказе на зварот аб ужытых захадах дысцыплінарнай адказнасці да вінаватых службовых асобаў.
Падпісаць петыцыю можна да 13 чэрвеня.
Аўтары просяць чыноўнікаў «даць абгрунтаваны і матываваны адказ па сутнасці». Без фармалізму і бюракратызму.
Антось Воўк