«Могільнік быдла выкарыстоўваўся для пахавання трупаў жывёлаў пасля выпрабавання на іх эфектыўнасці вакцынаў, якія вырабляюцца на прадпрыемстве. Ён дастаткова глыбокі, – тлумачыць «Экадом». – У парушэнне экалагічных і санітарна-гігіенічных нормаў могільнік размешчаны ў водаахоўнай зоне возера Доўжа і ў зоне санітарнай аховы артэзіянскай свідравіны.
Гэтая свідравіна служыць для водазабеспячэння ўсяго населенага пункта Доўжа і самога «БелВітуніфарму». Гэта значыць, у цяперашні момант выкарыстоўваецца вада, на якую гэты могільнік можа аказаць уплыў. У тым ліку мы гаворым аб вадзе, якая будзе выкарыстоўвацца ў тэхналагічным працэсе падрыхтоўкі вакцынаў».
Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве цэху ў Доўжы 3 лістапада 2021 года. Ён абяцаў аналаг замежнай вакцыны ад COVID-19, «які павінен быць роўны па эфектыўнасці лепшым узорам іншых краінаў, а па кошце, натуральна, танней». На другім этапе праекту запланаванае будаўніцтва да 2023-2024 года вытворчага комплексу, які будзе вырабляць вакцыну па поўным цыкле. Тэсты беларускай вакцыны праводзяць з пачатку 2022 года. У жніўні Лукашэнка казаў, што вакцыну пачнуць разліваць ужо неўзабаве.
Сама ідэя вырабляць уласную вакцыну ад каронавірусу сумнеўная: можа атрымацца нявыгадны і стратны праект, тлумачыў «Белсату» былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч.