Бярозкі і клёнікі, пасаджаныя на неспрыяльнай для поўнага выяўленьня сваіх патэнцыйных магчымасьцяў глебе, зьмяшанай з савецкім будаўнічым друзам, добра перажылі зімовую нэндзу і дружна выпусьцілі насустрач сонцу свае зялёныя лісьцікі. І гэта быццам бы добры знак: беларуская прэса перажыве цяперашнія змрочныя часіны, а тыя, хто перашкаджаў яе вольнаму існаваньню, у прызначаны тэрмін атрымаюць па заслугах.
Выцягнуўшы пустазельле і добра ўгнаіўшы прыствольную зямлю чорным перагноем, журналісты аздобілі зробленыя клюмбачкі вясновымі краскамі – няхай квітнеюць на радасьць людзям.
Дзень свабоды прэсы штогод адзначаецца 3 траўня ва ўсім сьвеце пачынаючы з 1994 году. Рашэньне аб наданьні гэтаму дню календара адмысловага статусу было прынятае Генэральнай асамблеяй ААН.
Свабода сродкаў масавай інфармацыі – адзін з краевугольных камянёў паўнавартаснага існаваньня любой цывілізаванай дзяржавы. Таму немагчыма зьмірыцца зь відавочнай недарэчнасьцю, калі тутэйшыя ўлады беспакарана ўціскаюць беларускіх журналістаў за выкананьне імі сваіх наўпроставых прафэсійных абавязкаў.
Цяжка паверыць, што такі бяспраўны гвалт чыніцца, як той казаў, у цэнтры Эўропы ў 21 стагодзьдзі. Толькі за так званыя адміністрацыйныя правапарушэньні (паводле часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП – «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі») у 2015 годзе незалежных беларускіх журналістаў судзілі 21 раз. Агульная сума штрафаў, якія яны мусілі сплаціць, склала больш за сем тысячаў даляраў.
Беручы ўдзел у такіх сымбалічных вясновых забавах, хочацца верыць, што аздобленае кветкамі дрэва «Будучыні незалежнай беларускай прэсы» ня будзе зламанае мясцовым аднаклеткавым вандалам ці паслухмяным камунальнікам на загад пільных цэнзараў ад улады. Хочацца верыць, што яно дачакаецца той сьветлай свабоды, якой прагнуць у такі дзень ня толькі журналісты, але ўсе цьвярозадумныя людзі плянэты.
С. Горкі