Калектыўны зварот напісаны на адрас начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па пытаньнях моладзі Алены Астапавай. Ліст быў перададзены ёй падчас асабістай сустрэчы з жыхарамі Полацку ў райвыканкаме. Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы паабяцала даць пісьмовы адказ ў вызначаныя законам тэрміны.
У 2017 годзе ў Полацку сталі ладзіцца сустрэчы грамадзянаў, якія размаўляюць па-беларуску, пад агульнай назвай «Жывая мова». Для ўдзельнікаў сустрэч праводзіліся моўныя курсы і спатканьні зь цікавымі людзьмі, усе зносіны адбываліся на беларускай мове. Штотыдзень, па аўторках у вечаровы час, прыходзілі ўсё новыя людзі, каб далучыцца да супольнасьці беларускамоўных грамадзянаў.
Спатканьні зь цікавымі людзьмі
У звароце да мясцовых уладаў гаворыцца: «Сярод запрошаных гасьцей былі гісторык і пісьменьнік Уладзімер Арлоў, герантоляг Кірыл Прашчаеў, выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Лобач, аўтар тэксту гімну гораду Полацку Алесь Аркуш, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ігар Шаруха і многія іншыя».
Напрыклад, 9 студзеня адбылася сустрэча з жыхаром Наваполацку Іванам Стомам, які ў свае 25 гадоў напісаў першую кнігу на беларускай мове з назвай «Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў». Кніга – пра захапленьне аўтара археалягічнымі дасьледаваньнямі старажытнага Полацку.
Месца для сходаў захопленых людзей
Сходы палачан, што любяць размаўляць на беларускай мове, праходзілі ў звычайнай кавярні. Кожную сустрэчу наведвала каля двух дзясяткаў чалавек, і часам памяшканьне зь цяжкасьцю зьмяшчала ўсіх наведвальнікаў.
Арганізатарам пакуль удавалася знаходзіць сродкі на арэнду залі, але гэта становіцца ўсё цяжэй. Апошнія сустрэчы праводзяцца грамадзянамі як звычайнымі наведвальнікамі кавярні – яны заказвалі гарбату зь печывам нароўні зь іншымі наведвальнікамі установы.
Таму палачане вырашылі зьвярнуцца ў райвыканкам. Яны хочуць праводзіць сустрэчы ў памяшканьні кінатэатру, бо яно больш прыстасаванае для сходаў і зьяўляецца народнай ўласнасьцю, за выкарыстаньне якой адказваюць мясцовыя ўлады.
Аляксандар Марозаў