У сувязі з прысутнасьцю на сходзе новых людзей кіраўнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў прыгадаў асноўныя факты папярэдняй дзейнасьці арганізацыі.
Ён распавёў, што за тры гады, дзякуючы намаганьням сяброў ініцыятывы “Хайсы”, грамадзкасьць Віцебшчыны дый усёй Беларусі даведалася пра існаваньне ў ваколіцах Віцебску шэрагу невядомых раней пахаваньняў.
Анатамічныя адметнасьці знойдзеных парэшткаў ахвяраў расстрэлаў і рэчы, якія ім належалі, паднятыя зь ямінаў вайскоўцамі 52 пошукавага батальёну падчас палявых работ, сьведчаць, што забойствы зьдзяйсьняліся ў даваенны пэрыяд. На падабенства пахаваньняў ва ўрочышчы Хайсы з пахаваньнямі ў Курапатах зважыў у сваёй справаздачы па выніках сумеснай працы з пошукавікамі 52-га батальёну і археоляг інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Іоў.
Пацьвярджаюць гэтую інфармацыю і мясцовыя жыхары, якія альбо самі, альбо ад сваіх бацькоў добра ведаюць пра існаваньне адмысловага палігону сьмерці ў мясцовым лесе. Больш за трыццаць аўдыё– і відэасьведчаньняў ад жыхароў вёсак Мазалава, Лужасна, Хайсы, Дрыкольле і гораду Віцебску сабраныя актывістамі ініцыятывы.
Аднак, не зважаючы на наяўнасьць пераканаўчых фактаў, прадстаўнікі ўлады да сёньняшняга часу не пагаджаюцца прызнаць, што знойдзеныя парэшткі належаць ахвярам савецкага таталітарызму.
Абурае і той факт, што частка знойдзеных парэшткаў ужо пахаваная пад выглядам ахвяраў фашызму на вайсковым мэмарыяле станцыі Лосьвіда. Не паддаецца ніякаму цьвярозаму разуменьню і татальная адмова ўсіх дзяржаўных ворганаў і арганізацыяў даваць якую-кольвек канкрэтную інфармацыю сябрам ініцыятывы па выніках дасьледаваньняў і экспэртызаў, якія імі праводзіліся ў зьвязку са знаходкамі парэшткаў рэпрэсаваных.
На сходзе было адзначана, што працаваць і ў новым годзе, відаць па ўсім, таксама давядзецца ў няпростых умовах, калі ўлады адмаўляюць грамадзкасьці ў доступе да інфармацыі і ігнаруюць ініцыятывы актывістаў.
Распавёўшы, што арганізацыя стала ляўрэатам прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” ў намінацыі “Новая ініцыятыва”, Ян Дзяржаўцаў зазначыў, што прыемна, калі дзейнасьць сябраў ініцыятывы заўважаная і вылучаная сярод цэлага шэрагу няўрадавых арганізацыяў.
Даведаліся прысутныя і пра тое, што сёлета будзе працягнутая праца па афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. Дзеля гэтага трэба выправіць памылкі, выяўленыя падчас першай няўдалай спробы зарэгістравацца. Ужываньне ў статуце арганізацыі выразаў, напісаных тарашкевіцай, і памылкі ў адрасах рэгістрацыі ці назвах месца працы заяўнікаў паслужылі для ўладаў фармальнай падставай для адмовы.
Далей размова пайшла пра пляны дзейнасьці на 2018 год. Сябра ініцыятывы Кастусь Смолікаў прапанаваў зьвярнуцца ў аблвыканкам, а пры неабходнасьці і ў пракуратуру, са скаргай на дзеяньні Віцебскага райвыканкаму ў сувязі з адмовай азнаёміць грамадзкасьць з выніковымі справаздачамі археолягаў Вадзіма Таміліна і Алега Іова пасьля пошукавых работ 2017 году.
Аднак першым у плян увайшло патрабаваньне да ўладаў аб прызнаньні тэрыторыі, абмежаванай выяўленымі ў лесе даваеннымі пахаваньнямі, месцам масавых расстрэлаў грамадзянаў Беларусі органамі НКВД. Праўда, зыходзячы зь сёньняшняга стаўленьня ўладаў да гэтай тэмы, спадзеваў, што яны станоўча адрэагуюць на гэтае патрабаваньне, мала.
Сярод іншага ў мэтах шырэйшага азнаямленьня грамадзкасьці зь дзейнасьцю ініцыятывы “Хайсы” было прапанавана зрабіць фотавыставу аб знаходках у расстрэльным лесе і людзях, якія спрычыніліся да справы аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці.
Быў выказаны і намер аб стварэньні дакумэнтальнага фільму і кнігі, прысьвечаных “віцебскім Курапатам” і людзям, дзякуючы якім грамадзкасьць пра гэтую мясьціну даведалася.
С. Горкі