Грамадзкія актывісты з 2014 году намагаюцца пераканаць улады Віцебскага раёну і Віцебскай вобласьці ў тым, што лясны масіў уздоўж чыгункі ў кірунку Віцебск – Гарадок стаў апошнім прытулкам для тысячаў беларускіх грамадзянаў. Улады пакуль не наважваюцца прызнаць відавочнае, адмоўчваюцца і ніякіх афіцыйных заяваў ня робяць.
Больш за трыццаць мэталёвых і драўляных крыжоў усталявалі за гэты час сябры ініцыятывы ля брацкіх магілаў, эксгумаваных вайскоўцамі 52-га пошукавага батальёну.
Блізу чатырох гадзінаў спатрэбілася актывістам, каб збольшага прыбраць вялікую тэрыторыю мэмарыялу ад зімовага ламачча, ускласьці кветкі, запаліць зьнічкі. Адна з алешынаў звалілася на крыж ды пашкодзіла плястыкавую шыльду, прымацаваную ў памяць Антона Рамашкі, які паводле расповедаў сьведкаў быў тут забіты.
Гэтым разам да крыжоў прымацавалі некалькі новых шыльдаў з імёнамі рэпрэсаваных грамадзянаў, якія з пэўнай доляй імавернасьці былі пахаваныя менавіта ў гэтым лесе.
Латыш Антон Шпелес жыў у вёсцы Лужасна. Ён быў абвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Латвіі. Дата расстрэлу – 28 студзеня 1938 году. Разам зь ім у тую ноч нкусаўцы расстралялі яшчэ 99 чалавек.
У 2015 годзе пляменьніца Антона Аксяверавіча разам са сваімі роднымі наведала ўрочышча Хайсы. Сваякі рэпрэсаванага ўзялі ў адной з магілаў два вядры зямлі, завезьлі на лужасьнянскія могілкі ды паставілі помнік побач з пахаванай на кладах жонкай.
Яшчэ адна дата масавых забойстваў пад Віцебскам, вядомая актывістам, – 1 сьнежня 1937 году. Тады было расстраляна 112 чалавек. Сярод іх – шмат прадстаўнікоў віцебскай інтэлігенцыі, у тым ліку вядомыя віцебскія мастакі Ян Гаўрыс, Яўхім Мінін, браты Пётар і Хрыстафор Даркевічы. Сябры ініцыятывы «Хайсы» мяркуюць, што яны былі забітыя недзе тут, на адным з пагоркаў расстрэльнага лесу.
Мабыць, дзесьці побач быў пахаваны і рабочы вагоннага дэпо Віцебску паляк Казімір Вяржбіцкі, расстраляны ў адзін дзень са сваёй жонкай, хатняй гаспадыняй Соф'яй Вяржбіцкай.
«Восемдзесят гадоў прамінула з часоў сталінскіх рэпрэсіяў, але Беларусь аж дагэтуль не ачуняла ад тых трагічных падзеяў, – заявіў кіраўнік ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў. – У той час, калі мы разам з вамі ўшаноўваем памяць нашых продкаў, ажно чатыры міліцыянты кантралююць нашыя паводзіны і нават размовы. Ці не дзікунства гэта? Няўжо яны думаюць, што мы зладзім у лесе для зьвяроў і птушак несанкцыянаванае масавае мерапрыемства? Да якой ступені дзікунства трэба дайсьці, каб гэтак ставіцца да сваіх грамадзянаў ды марнаваць народныя сродкі!»
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2748-gramadzkiya-aktyvisty-pravyali-talaku-va-urochyshchy-khajsy#sigProId1078252969
С. Горкі