Пятніца, 27 Красавік 2018

У Віцебску ў Дзень чарнобыльскай трагедыі па Дзьвіне пусьцілі вянок памяці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Падчас акцыі памяці Падчас акцыі памяці

Памятны вянок пусьцілі па Дзьвіне 26 красавіка віцебскія ліквідатары наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Гэтай традыцыі ўжо шмат гадоў. “Заўчасна памерлым чарнобыльцам – ад нас, жывых. Вечная памяць!” – было напісана на стужцы.

Імпрэза пачалася адразу пасьля афіцыйнага мерапрыемства і жалобнага малебну ва Усьпенскім саборы з удзелам кіраўніцтва гораду і шматлікіх сувораўцаў і школьнікаў з ваенна-патрыятычных клясаў. Слова ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС зноў ня далі.

Пасьля малебну ліквідатары спусьціліся з Усьпенскай горкі, прайшлі па набярэжнай і непадалёк ад Кіраўскага моста пусьцілі вянок на волю плыні.

У жалобнай імпрэзе ўзялі ўдзел у тым ліку героі прэзэнтаванага напярэдадні дакумэнтальнага фільму “Сам-насам з памяцьцю” Анатоль Гнеўка і Сяргей Іконьнікаў. Упершыню за апошнія гады на падобнай імпрэзе прысутнічалі журналісты дзяржаўных СМІ.

Як расказаў “Віцебскай вясьне” адзін з ініцыятараў жалобнай акцыі Аляксандар Мікулін, сёлета ўлады самі запрасілі ліквідатараў узяць удзел у афіцыйнай урачыстасьці з нагоды чарнобыльскай катастрофы.

Аляксандар Мікулін - другі зьлева

“Цягам апошніх пяці гадоў наша ініцыятыўная група штогод зьвярталася ў гарвыканкам з просьбамі аб арганізацыі мерапрыемства. І вось, як ні дзіўна,  нашыя просьбы былі пачутыя, горад узяў на сябе арганізацыю афіцыйнай часткі. Хацелася б, каб улады ўзялі на сябе і нашу традыцыю апусканьня вянка памяці. Але варта зрабіць так, каб мы перадавалі вянок маладым людзям, а ўжо моладзь пускала яго па плыні. Гэта будзе вельмі сымбалічна. Гэтая традыцыя не павінна зьнікнуць”, – сказаў Аляксандар Мікулін.

Вянок апусьціў у Дзьвіну ліквідатар аварыі на ЧАЭС Уладзімер Іваноў

Што да атамнай будучыні Беларусі, былы ліквідатар зазначыў, што “прагрэс ужо не спыніць” і нам трэба карыстацца яго набыткамі, але “кожная палка мае два канцы”.

“Палка ратуе, але палка і б’е. Што трэба, каб на будучай Беларускай АЭС у Астраўцы ня здарылася тое, што на Чарнобылі? Найперш – каб не было нядбайства падчас будаўніцтва, праектаваньня і эксплёатацыі. Гэта галоўнае. Бо ўжо не сакрэт, што акурат нядбайства і паказуха на Чарнобылі прывяло да такой страшнай трагедыі”, – падсумаваў Мікулін.

Зьміцер Міраш, фота аўтара