Чацвер, 10 Сакавік 2022

«Ёсць упэўненасць, што гэты народ не перамагчы». Былы прадпрымальнік з Віцебску распавядае пра вайну ва Ўкраіне

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пасля падзеяў 2020 года тысячы ўцекачоў з Беларусі апынуліся ва Украіне. З пачаткам расейскага ўварвання нехта з гэтых людзей з’ехаў, але шмат хто застаўся. Паразмаўлялі з кіраўніком грамадскага руху «Краіна для жыцця» Віталём Савюком, які вырашыў абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Пра тое піша “Белсат”

 

Як і многія іншыя беларусы, Віталь Савюк прыехаў ва Украіну з Віцебску пасля падзеяў 2020 года – на радзіме за ўдзел у мірных пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі яму пагражала крымінальная справа. Апынуўшыся за мяжою, Віталь разам з іншымі беларусамі працягнуў палітычную барацьбу. Так, у жніўні 2021 года ў Кіеве быў зарэгістраваны грамадскі рух «Краіна для жыцця». А калі стала зразумела, што вайна з Расеяй непазбежная, мясцовыя беларусы вырашылі абараняць Украіну.

«Да апошняга моманту не хацелася верыць, што гэтая вайна пачнецца, але калі хочаш міру – рыхтуйся да вайны. І за месяц да пачатку вайны мы з сябрамі пайшлі на вайсковыя трэнінгі, арганізаваныя «Нацыянальным корпусам» у Кіеве. Там мы атрымалі базавыя веды пра аказанне медычнай дапамогі, правілы паводзінаў у пэўных сітуацыях і алгарытмы дзеянняў. За тыдзень да пачатку вайны мы закупілі неабходныя лекі і прадукты».

Віталь Савюк гаворыць, што яшчэ 23 лютага напісаў у сябе ў «Facebook», што не з’едзе з Украіны, і ў выпадку вайны будзе змагацца разам з украінцамі, а ўжо ранкам наступнага дня яго пабудзілі гукі выбухаў.

«Адразу ўспомнілася савецкая песня «Киев бомбили, нам объявили, что началась война». У першыя дні я дапамагаў выехаць з Кіева тым, хто вырашыў эвакуявацца, а таксама вывез у бяспечнае месца дакументацыю і офіснае абсталяванне нашага грамадскага руху. Потым мы пачалі дапамагаць мясцоваму атраду тэрытарыяльнай абароны абсталёўваць пазіцыі, вырабляць маскавальныя сеткі ды кактэйлі Молатава».

Але далучыцца да наўпроставай абароны Украіны замежнікам аказалася не так проста. Кіраўнік грамадскага руху абвяргае інфармацыю пра тое, што ў Кіеве раздавалася зброя каму заўгодна. Як аказалася, атрымаць яе можна было толькі пры наяўнасці ўкраінскага грамадзянства.

«Двойчы чарга да нас не даходзіла, бо нам не хапала зброі. На трэці раз, калі прыехаў яшчэ адзін грузавік, і надышла нашая чарга, мы паказалі беларускія пашпарты і папрасілі 5 аўтаматаў і патроны. Нас папрасілі крыху пачакаць. Як аказалася, убачыўшы нашыя пашпарты, людзі выклікалі паліцыю. Каля гадзіны мы тлумачылі, чаму мы ва Украіне. Нас адпусцілі, але аўтаматаў не далі, сказаўшы, што іх выдаюць толькі ўкраінцам. Ведаю выпадак, калі ў аналагічнай сітуацыі на нашага таварыша надзелі кайданкі, але потым таксама адпусцілі».

Добраахвотнік прызнаецца, што яму зразумелая насцярожанасць украінцаў да беларусаў, паколькі менавіта з нашай тэрыторыі ва Украіну едзе варожая тэхніка, ляцяць самалёты і ракеты. Паводле яго, гэта настройвае ўкраінцаў супраць беларусаў. Але ў гэты ж час беларусы, якія змагаюцца за Украіну, аб’ядноўваюць нашыя народы.

«Калі ўкраінцы бачаць мноства беларусаў, якія дапамагаюць ім у барацьбе супраць агрэсара, яны разумеюць, што беларусы – сапраўды братэрскі народ. Многія беларусы ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 2014 года, потым бралі ўдзел у вайне на Данбасе на баку Украіны. Гэтыя людзі даказалі, што беларус украінцу брат. Людзі, якія прыехалі падтрымаць Украіну ў 2014 годзе, і цяпер не засталіся ўбаку і ўжо ў шыхце, ужо актыўна прымаюць удзел у баявых дзеяннях і навучаюць папаўненне».

Паводле кіраўніка грамадскага руху, цяпер ва Украіну прыехалі каля ста беларусаў, якія збіраюцца абараняць яе ад расейскага нападу. Ахвотных суайчыннікаў нашмат больш, але трапіць ва Украіну можна толькі пасля сур’ёзнай праверкі СБУ.

Сам Віталь Савюк пакуль выехаў з Кіева ды займаецца арганізацыйнымі пытаннямі і забеспячэннем ахвотных амуніцыяй і транспартам.

«Вельмі шмат трэба набыць, каб нашыя людзі маглі эфектыўна змагацца і засталіся жывыя. Шмат каго трэба навучыць, бо людзей з баявым досведам у нас небагата. Як толькі камплектаванне першай групы будзе завершанае, мы паедзем у Кіеў, дзе ўжо ёсць падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў. Мы з імі на сувязі і, спадзяюся, будзем узаемадзейнічаць».

Беларускі актывіст прызнаецца, што вайна ва Украіне аб’яднала і абудзіла тых беларусаў, якія, выехаўшы за мяжу, прыпынілі пратэставую дзейнасць. «Цяпер многія беларусы бачаць у вайне ва Украіне шанец змяніць сітуацыю ў Беларусі, бо зразумела, што без перамогі над Пуціным будзе складана перамагчы Лукашэнку».

У гэты ж час беларускі добраахвотнік захапляецца мужнасцю ўкраінцаў, якія паўсталі супраць расейскай агрэсіі. «Паводзіны ўкраінцаў у такой сітуацыі могуць быць прыкладам для беларусаў. Мяне ўразілі чэргі ў ваенкаматы і зборныя пункты тэрытарыяльнай абароны. Тыя, хто не стаў у строй, дапамагаюць па-іншаму: грашыма, транспартам, амуніцыяй, прадуктамі. Валанцёрскі рух разгарнуўся па ўсёй краіне. Калі бачыш гэта – ёсць упэўненасць, што гэты народ не перамагчы. Украінцы таксама не сумняюцца ў сваёй перамозе – моцы іхнай духу і гатоўнасці змагацца можна толькі пазайздросціць».

Вайна Расеі супраць Украіны ідзе з 24 лютага. Паводле звестак Упраўлення вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з 24 лютага да 8 сакавіка Украіну пакінулі ўжо больш за 2 мільёны чалавек.