20 верасьня Пастнова перавялі з псыхіятрычнага шпіталя ў дзённы стацыянар. Цяпер ён праходзіць курс рэабілітацыі ў аддзяленьні нэўрозаў. «Цяпер я як у санаторы, атрымліваю ванны, судзінкавыя прэпараты абарончыя, вітаміны, рэляксацыю», - распавёў суразмоўца.
Пастноў перакананы, што прымусовае лячэньне было спыненае дзякуючы праваабаронцам. «Цяпер мы мяркуем зьвяртацца ў Камісію ААН па правох чалавека і працягваць судовае абскарджаньне майго незаконнага зьмяшчэньня пад прымусовае лячэньне аж да Вярхоўнага суду», - заявіў Пастноў.
Лекар таксама паведаміў, што аформіў даверанасьць на праваабаронцу Пятра Іванова для таго, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы і займаўся ягонай справай. «Мне цяпер ставяць дыягназ “разладзьдзе асобы па параноідным тыпе”, то бок, кожны мой самастойны рух у пляне абароны сваіх правоў будзе ўспрыняты як абвастрэньне захворваньня», - патлумачыў Пастноў неабходнасьць дзейнічаць праз праваабаронцаў.
Ігар Пастноў лічыць неабходным дамагацца зьмены закону «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі». Паводле яго слоў, лекары згодна з гэтым законам валодаюць «нічым не абмежаванымі паўнамоцтвамі адправіць каго заўгодна на прымусовае лячэньне, забараніць зьвязвацца з вонкавым сьветам».
Пастноў таксама абверг меркаваньне, што да яго ў шпіталі дрэнна ставіліся: «Калегі вельмі добра да мяне ставіліся, санітары, калі мяне пераварочвалі, нават прасілі прабачэньня».
Ігар Пастноў апынуўся на лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі пасьля свайго апошняга відэавыступу ў інтэрнэце. Ён выказваў крытычныя меркаваньні пра стан віцебскай мэдыцыны, прымусовае кадаваньне ад алькагалізму, а таксама заявіў пра тое, што яго запалохваюць прымусовым псыхіятрычным лячэньнем. 16 жніўня Пастнова забралі ў лякарню наўпрост з працы.
29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасьць прызнаць Пастнова вязьнем сумленьня. «Затрыманьне Ігара Пастнова магло быць неабгрунтаваным з-за выказванай ім законнай крытыкі сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці. Калі гэта так, то “Міжнародная амністыя” будзе лічыць яго вязьнем сумленьня», - гаварылася ў заяве праваабарончай арганізацыі.
Крыніца: Навіны.b