Серада, 11 Верасень 2013

Доктар Ігар Пастноў скардзіцца ў пракуратуру

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ігар Пастноў Ігар Пастноў

Ігар Пастноў напісаў скаргу ў пракуратуру, якую перадаў для адпраўкі віцебскаму палітыку Сяргею Рыжову – сваёй даверанай асобе. Аднак ужо ў гэтай якасьці Рыжову забаронена сустракацца зь Ігарам Пастновым, зьмешчаным у віцебскім абласным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі пасьля зьяўленьня ў інтэрнэце некалькіх ягоных крытычных відэавыступаў.

Пра мэтады лячэньня, а таксама пра тое, як ён трапіў у псыхіятрычны шпіталь, Пастноў напісаў у скарзе, адрасаванай у пракуратуру. Ён піша, што ніколі не стаяў на ўліку па псыхічным захворваньні, і што ніхто не прапаноўваў яму дабраахвотна прайсьці абсьледаваньне. Там ня менш 15 жніўня галоўны лекар шпіталю Алена Мартынава сабрала камісію, якая, не запрасіўшы на нараду самога Пастнова, вырашыла накіраваць яго на прымусовае абсьледаваньне. Вырак камісіі быў дасланы ў гарадзкую пракуратуру, і там далі на гэта дазвол. 16 жніўня Пастноў прыйшоў на працу – у наркалягічнае аддзяленьне таго ж шпіталя, дзе ён працаваў псыхіятарам, і яго паклікалі ў іншы габінэт нібыта пра нешта параіцца. Там паказалі пастанову пракурора і паклалі ў 2-е закрытае аддзяленьне, абмежаваўшы ў зносінах і тэлефанаваньнях. Пяць дзён яго нібыта абсьледавалі, а 21 жніўня адбыўся суд.

“Вядома, 16 жніўня, калі мяне забіралі, я быў у стрэсе, у мяне падняўся ціск. Але 21-га я быў у добрым стане і настроі, зьбіраўся ў суд, але мяне туды не павезьлі – нібыта я магу зрабіць шкоду сябе ці камусьці іншаму. Хаця я знаходзіўся ў цалкам адэкватным стане. Судзьдзя Тацьцяна Дзегцярова прысудзіла мне прымусовае лячэньне, і яго адразу ж пачалі – нягледзячы на тое, што ў мяне быў час падаць скаргу, і рашэньне суду яшчэ не ўступіла ў законную сілу”.

Ігар Пастноў лічыць, што ягоныя правы былі парушаныя, яго адвакат падаў касацыйную скаргу на рашэньне суду. Сам Пастноў лічыць неабходным яшчэ раз падкрэсьліць, што добраахвотна абсьледавацца яму не прапаноўвалі, і для гэтага не было ніякіх падставаў, бо ён псыхічна здаровы чалавек. Таксама ён абураны, што цішком ад яго 15 жніўня калегі правялі нейкі кансыліюм, пра які нават яму самому не паведамілі.

З 23 жніўня ён знаходзіцца ўжо не ў асобнай палаце, а разам з пацыентамі, якіх толькі прывезьлі ў шпіталь і яшчэ не вызначыліся з дыягназам і лячэньнем. Сярод іх есьць людзі зь відавочнымі адхіленьнямі, кажа Сяргей Рыжоў, які лічыць гэта дадатковым элемэнтам ціску на Пастнова.

Ён ня ўпэўнены, што усе адмовы ад прымусовага лячэньня належным чынам зафіксаваныя ў гісторыі хваробы Пастнова. Але паглядзець яе не дазваляюць ні самому Ігару Пастнову, ні яго даверанай асобе – Сяргею Рыжову.

Ігар Пастноў па-ранейшаму ў ізаляцыі, ягоны мабільны тэлефон знаходзіцца ў загадчыцы аддзяленьня, а да гарадзкога, на пасту медсястры, якім у пэўныя гадзіны дазволена карыстацца пацыентам, яго ня клічуць. Да візыту Сяргея Рыжова ён ня ведаў, што яго сытуацыя шарока вядомая і землякам у Віцебску, і праваабаронцам, у тым ліку зь міжнародных структур. І ён быў усьцешаны, даведаўшыся, што праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заявіла пра гатоўнасьць прызнаць яго вязьнем сумленьня.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"