Пётар Іваноў апавёў, што Пастноў выглядае добра, прымаў наведнікаў у добрым настроі, але мэдработнікаў ён ігнаруе на знак пратэсту супраць прымусовага лячэньня: «Выглядае добра, паголены, акуратны, спакойны. Ён кажа, што яго ўжо 5 дзён лечаць прымусова. І нам пацьвердзілі, што лечаць нейкімі дарагімі прэпаратамі. Апавёў нам, што яму не прапаноўвалі прайсьці абсьледаваньне і лячэньне добраахвотна, адразу — прымусова. Ён там піша шмат скаргаў, і яму тры дні не давалі кнігу скаргаў і прапановаў, а гэта ўжо парушэньне закону. Кніга скаргаў і прапановаў павінна выдавацца на першае патрабаваньне».
Пад час суду ў Ігара Пастнова не было магчымасьці ні трапіць на працэс, ні зьвязацца з адвакатам, каб той прадстаўляў ягоныя інтарэсы. Былыя калегі, зь якімі разам ён раней працаваў у тым самым віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі, цяпер ставяць яму дыягназ «хранічнае разладзьдзе з трызьненьнем».
Пэрспэктывы лячэньня няясныя, кажа Пётар Іваноў. Лекары сказалі яму, што Ігар Пастноў выйдзе з псыхіятрычнага шпіталя толькі тады, калі будзе заўважаная станоўчая дынаміка: «Галоўны лекар сказала, што як яны толькі заўважаць станоўчую дынаміку, дык адразу будуць хадайнічаць, каб прымусовае лячэньне адмяніць. Як толькі заўважаць паляпшэньне, дык і зьвернуцца з такой прапановай. А ўвогуле галоўны лекар Алена Мартынава раптам прадэманстравала дужа добрае стаўленьне да праваабаронцаў, усе ранейшыя перашкоды пачалі зьнікаць».
Ня выключана, што на сытуацыю з Пастновым паўплывала рэакцыя грамадзкасьці. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International выступіла з адмысловай заявай адносна жыхара Віцебску Ігара Пастнова, прымусова зьмешчанага ў псыхіятрычную лякарню.