Нядзеля, 27 Чэрвень 2021

Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу віцебскага актывіста Алега Паўлава

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

На пачатку чэрвеня 2021 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальную скаргу Алега Паўлава пад нумарам 3952/2021. Прычынай звароту грамадскага актывіста ў Камітэт было парушэнне беларускай дзяржавай ягонага права на ўдзел у мірных сходах.

29 снежня 2019 году Алег Паўлаў узяў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання свайго пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі. Падчас пікету актывіст трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг і плакат “Незалежнасць”.

15 студзеня 2020 году суд Чыгуначнага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйныя справы ў дачыненні да Паўлава. Суддзя Алена Цыганкова прызнала мужчыну парушальнікам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала яго на 675 рублёў.

Для абароны свайго права на ўдзел у масавых мерапрыемствах і публічнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі Алег Паўлаў звяртаўся ў вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак беларускія суды адмовіліся бараніць яго правы, матывавалі сваю адмову тым, што суд Чыгуначнага раёну вынес пастанову законна і абгрунтаваў сваё рашэнне фактычнымі доказамі.

Пасля адмовы вышэйшых судоў абараняць ягоныя канстытуцыйныя правы Паўлаў вычарпаў усе даступныя юрыдычныя магчымасці абараніць сябе ў межах нацыянальнага заканадаўства.

Для абароны сваіх правоў 6 лютага 2020 году актывіст звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека, які палічыў, што зварот Паўлава досыць аргументаваны для рэгістрацыі і далейшага разгляду згодна з працэдурамі ААН.

 Лявон Яфрэменка