Чацвер, 06 Сакавік 2014

Біскуп Алег Буткевіч узяў удзел у імпрэзе, прысьвечанай беларускай мове

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У культурна-рэлігійным цэнтры віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага пад патранажам пробашча кс. Адама Дынака прайшла вечарына, прысьвечаная роднай мове і некаторым аспэктам яе бытаваньня ў грамадзтве і касьцёле ў сытуацыі моўнага білінгвізму. Пра мову як адмысловы арганізм, здольны гуртаваць ці, наадварот, разьядноўваць людзей, пра варункі існаваньня беларускай мовы ў розныя пэрыяды яе разьвіцьця, сёньняшні ўзровень запатрабаванасьці разважалі падчас імпрэзы людзі розных прафэсіяў, узростаў, веравызнаньняў.

Зь цікавасьцю былі сустрэтыя слухачамі сьведчаньні і развагі пра свой шлях да мовы як сродку камунікацыі і самаідэнтыфікацыі асобы біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, настаўніцы Нэлі Зайцавай, выкладчыка тэхналягічнага ўнівэрсытэту Віктара Хаданёнка, журналіста Фёдара Шкіранды і інш.

Асобную старонку склала ў сцэнары мерапрыемства абмеркаваньне такой зьявы, як беларуска-польскія моўныя сувязі ў сучасным касьцёле. Адзначалася станоўчая роля многіх сьвятароў і сясьцёр законных польскага паходжаньня, якія актыўна паспрыялі сталаму ўкараненьню беларускай мовы ў рэлігійнае жыцьцё дыяцэзіі і ўсёй краіны.

Не абышлося бяз твораў мастацкай літаратуры. Са сваімі ўласнымі творамі пазнаёмілі ўдзельнікаў вечарыны вядомы паэт-гумарыст і перакладчык Міхась Мірановіч і паэтка Тацьцяна Дубоўская, вершы беларускіх і польскіх аўтараў прачыталі студэнт Раман Калугін і слухачка курсаў польскай мовы, пераможца многіх конкурсаў дэкляматараў Яна Латыш.

Вядоўца імпрэзы Франц Сіўко распавёў пра беларускамоўныя каталіцкія выданьні “Наша вера”, “Ave Maria”, “Каталіцкія навіны”, праанансаваў літаратуру, якая можа дапамагчы ў вывучэньні роднай мовы, паспрыяць авалоданьню нюансамі яе граматычнага і лексічнага складу.

Удзельнікі вечарыны ўшанавалі хвілінай маўчаньня памяць Народнага паэта Беларусі, сябра касьцёлу, выдатнага творцу і грамадзяніна Рыгора Барадуліна.

Крыніца: Catholic.by