“Адказныя” ігуменьня Анфіса і манахіня Данііла з талачынскага Сьвята-Покроўскага манастыра, за якім “замацаваны” аршанскі гістарычны помнік, пішуць, што прыбралі сьмецьце, абгарадзілі будынак плотам, забілі дошкамі вокны і дзьверы (кожны можа пераканацца, што далёка ня ўсе) і частку будынку накрылі дахам (ня больш за адну чацьвёртую частку). А яшчэ пабудавалі побач драўляную царкву. Якое гэта мае значэньне для захаванасьці помніку архітэктуры - не зразумела, гаворыць Тацьцяна Вароніна, былая музэйная супрацоўніца і адна з аўтараў ліста:
“Яшчэ было напісана, што замоўлены праект рэстаўрацыі будынку, і што праектная дакумэнтацыя “ў стане завяршэньня”. Мы гэта чуем ужо год! А хацелася б прыняць удзел у грамадзкім абмеркаваньні праекту. І яшчэ даведацца пра лёс грошай, ахвяраваных на адбудову помніку архітэктуры. Як вядома, грошы на дабрачынны рахунак пералічвалі і наш зямляк, мастак Мікола Купава, і іншыя людзі. Многія імкнуліся набыць нешта ў царкоўнай краме ва ўнівэрмагу, бо было сказана, што сродкі адтуль таксама ідуць на справу рэстаўрацыі. Толькі так і не вядома, колькі сабрана тых сродкаў! Як можна спадзявацца на новыя ахвяраваньні, такія патрэбныя ў гэтай справе, калі расход грошай застаецца таямніцай? Грамадзкасьць мае права ведаць, куды пайшлі ахвяраваныя сродкі!”
Можа, грашовая дапамога аршанцаў Віцебскай епархіі праваслаўнай царквы не патрэбна наогул. Ліст да краязнаўцаў, напрыклад, напісаны не на звычайным аркушы паперы, а на адмысловым, упрыгожаным выявай таго самага базыльянскага кляштару… Значыцца, пэўныя сродкі ў “адказных” ёсьць. Дык чаму помнік архітэктуры зноў чарговую зіму прастаяў бяз даху, нават часовага?
Аршанцы, якія падпісаліся пад калектыўным лістом, чакаюць адказу і наконт сабраных грошай, і наконт дакладных тэрмінаў пачатку рэстаўрацыйных работ. А не яшчэ аднаго непераканаўчага “прызнаньня ў любові” да аб’екту гістарычнай спадчыны.
Крыніца: Оршатут.бай