Аўторак, 12 Красавік 2016

З клопатам пра роднае слова – у Віцебску прайшла абласная канфэрэнцыя ТБМ

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

10 красавіка ў залі культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо гораду Віцебску „Дзьвіна”» адбылася справаздачна-выбарная канфэрэнцыя Віцебскай  абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы.

Былы старшыня абласной арганізацыі ТБМ Ёсіф Навумчык, які на працягу дзевятнаццаці гадоў зьяўляўся яе нязьменным кіраўніком, яшчэ 14 лютага склаў свае паўнамоцтвы. Аднак, улічыўшы ягоны ўнёсак у дзейнасьць ТБМ, дэлегаты абласной канфэрэнцыі пакінулі яго на гэтай пасадзе ў якасьці ганаровага старшыні.

Пасьля сыходу Ёсіфа Навумчыка, старшынём абласной арганізацыі выбралі Юрыя Бабіча, які і адкрыў сёлетнюю канфэрэнцыю. Сярод іншага дэлегаты ўнесьлі зьмены ў склад абласной рады, якая зь сямнаццаці асобаў скарацілася да пятнаццаці. У якасьці старшыні рэвізійнай камісіі дэлегаты зацьвердзілі паэта Канстанціна Севярынца.  

Зь Менску на канфэрэнцыю прыехалі кіраўнік рэспубліканскай арганізацыі ТБМ Алег Трусаў ды ягоная намесьніца Алена Анісім. Прысутнічаў на мерапрыемстве і Дзяніс Юрчак, галоўны спэцыяліст упраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкаму. Як кандыдат гістарычных навук і чалавек, абазнаны ў пытаньнях нацыянальнай культуры, падчас свайго выступу Дзяніс Юрчак знайшоў паразуменьне з прысутнымі ў залі прыхільнікамі беларускага слова. Гэткая акалічнасьць была ўспрынятая тэбээмаўцамі станоўча, бо прыўладная беларускасьць – зьява досыць абмежаваная ў тутэйшай дэнацыяналізаванай рэчаіснасьці.

Пасьля справаздачаў кіраўніцтва рады і рэвізійнай камісіі ў спрэчках выступілі больш за дзесяць дэлегатаў.

Валянціна Крук, прадстаўніца ТБМ з Полацку, зьвярнула ўвагу, што рашэньне гарадзкіх уладаў рэканструяваць сапсаваны помнік літары “Ў” было прынятае пад ціскам сяброў арганізацыі.

Выступ Алега Трусава тычыўся ня толькі надзённых пытаньняў дзейнасьці арганізацыі – акром іншага старшыня ТБМ зьвярнуў увагу на тое, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў нацыянальна-арыентаваныя яе ўдзельнікі мусяць весьці свой дыялёг з народам менавіта па-беларуску.

Прыканцы канфэрэнцыі граматай ТБМ была ўганараваная актыўная сяброўка арганізацыі, паэтка з Падсьвільля Марыя Баравік.

С. Горкі