Дзякуючы 95 ахвярадаўцам праект сабраў 2 100 рублёў. Гэта дазволіла ажыцьцявіць даўнюю мару, кажа аўтар:
«Ідэя прааналізаваць, колькі ж у Віцебску музэяў ёсьць сёньня і было ў ранейшыя гады, прыйшла ў 2012 годзе. Я вывучаў дзейнасьць віцебскіх краязнаўцаў, якія прычыніліся да музэйнай справы ў нашым горадзе, і тут задумаўся: а колькі ж насамрэч у Віцебску музэяў? Аказалася, што іх вельмі шмат, калі падлічыць ня толькі вядомыя ўсім краязнаўчы музэй або дом-музэй Марка Шагала. Напрыклад, 25 музэяў ёсьць толькі ў віцебскіх ВНУ, 30 – на прадпрыемствах і ў розных установах, 4 прыватныя экспазыцыі, і гэта яшчэ ня ўсё! Што важна, трапіць у гэтыя музэі можа кожны ахвотны. Але пры адной умове: калі ты ведаеш пра іх існаваньне».
Гэтай мэтай – праінфармаваць віцяблян, гасьцей гораду, а таксама ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Віцебску, – і кіраваўся Мікалай Півавар, ствараючы музэйны даведнік. Структура кнігі простая: агульная інфармацыя са статыстычнымі зьвесткамі, адрасы музэяў, фотаздымкі фрагмэнтаў экспазыцыі і кантактныя зьвесткі. Апошняе надзвычай важна, бо ня ўсе музэі на прадпрыемствах або ў навучальных установах маюць супрацоўніка, які на працягу дня чакае наведнікаў. Таму на прыватныя візыты або экскурсіі трэба дамаўляцца загадзя.
Затое экскурсантаў чакаюць сапраўдныя адкрыцьці і незвычайныя цікавосткі, пра якія ведаюць нават далёка ня ўсе мясцовыя жыхары, кажа Півавар:
«У горадзе ёсьць, напрыклад, музэй папяровай плястыкі ў сярэдняй школе № 25. Мала хто пра яго ведае, але туды можна прыходзіць зь дзецьмі, і яны будуць проста ўражаныя, колькі ўсяго можна зрабіць з паперы. А ў музэі акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны захоўваецца шкілет слана – гэта адзіны такі экспанат у Беларусі. У Доме культуры чыгуначнікаў ёсьць музэй зь дзейным макетам чыгункі; у каледжы, дзе вучаць на кухараў – музэй кулінарных вырабаў. Яны не ядомыя, але ісьці туды раю толькі добра пад’еўшы – настолькі натуральна і апэтытна ўсё выглядае... Я сам быў уражаны, колькі ўсяго можна паглядзець!»
Паводле краязнаўцы, у зборнік можна было ўключыць і большую колькасьць музэяў, бо іх у горадзе пад 100. Былі выбраныя самыя цікавыя, з разьлікам на турыстаў. І паколькі большасьць гасьцей прыяжджае ў Віцебск з Расеі, таму і кніга выдадзеная па-расейску.
Зрэшты, Мікалай Півавар да апошняга ня верыў, што выдаць такі даведнік за ахвяраваныя грошы наогул магчыма. «Ідэйным натхняльнікам» гэтай справы стаў віцебскі актывіст, прадстаўнік супольнасьці Vitebsk4me Раман Воранаў. Ён кажа, што неабходная сума была лёгка сабраная цягам 2-х месяцаў:
«Выдадзена 400 асобнікаў кнігі, якую ўпершыню прэзэнтавалі на сёлетнім фэсьце «Барадулінкі» – яшчэ ў якасьці праекту. Гэта першы досьвед у Віцебску, калі на выданьне зьбіралі сродкі праз краўдфандынг. Цікава, што ў ліку самых шчодрых спонсараў – былыя вучні і выхаванцы Мікалая Півавара. Ён жа ня толькі вядомы ў горадзе краязнаўца, але таленавіты пэдагог. Шмат гадоў ён выкладаў у абласной беларускай гімназіі, якая працавала ў пасёлку Лужасна. Цяжка нават уявіць, колькі кілямэтраў выхаджана падчас краязнаўчых паходаў па Лужасьнянскіх ваколіцах гімназістамі ды іхным настаўнікам гісторыі! Цяпер Мікалай Півавар навучае студэнтаў ВДУ. Апрача гэтага, ён ладзіць найцікавейшыя вандроўкі па Віцебску і ваколіцах, бярэ ўдзел у розных нефармальных культурніцкіх праектах.
Што да ўласных праектаў, то ў Мікалая Півавара настолькі багата ідэяў, што падчас прэзэнтацыі ён зьвярнуўся да прысутных па дапамогу. Маўляў, ёсьць матэрыялы сама меней для 70 выданьняў, прысьвечаных Віцебшчыне. Але, каб напісаць гэта ўсё, ня хопіць звычайнага чалавечага жыцьця. Таму краязнаўца шчыра гатовы падзяліцца – ён шукае аднадумцаў і пасьлядоўнікаў. Кажа, што гатовы як да суаўтарства, так і да перадачы сабраных матэрыялаў іншаму дасьледчыку – каб толькі краязнаўчая справа не стаяла на месцы.
Кніга «50 музэяў Віцебску» таксама далёка ня першая ў Мікалая Півавара. Праўда, ён ня можа ўдакладніць, каторая па ліку, бо ня ведае, ці лічыць выдадзеныя мэтадычныя распрацоўкі, якіх незьлічона назьбіралася за час настаўніцкай дзейнасьці. Але краязнаўца настроены напісаць яшчэ сама мала 20 кніг, якія цяпер у рознай ступені гатоўнасьці. Адну зь іх ён хацеў бы выдаць ужо сёлета – у год Скарыны, адметны паўтысячагадовым юбілеем выхаду першай беларускай кнігі ў Празе. «Малая падарожная кніжыца па Лужасьне» – такую назву прыдумаў краязнаўца для свайго чарговага зборніка, прысьвечанага мясцовасьці, дзе ён доўгі час жыў і працаваў.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2156-kraudfandyng-u-vitsebsku-narodnae-vydanne-davednika-50-muzeyau-vitsebsku#sigProIdc09f25b14d