Яшчэ паўстагодзьдзя таму згаданы абрад быў распаўсюджаны ў шмат якіх вёсках Глыбоччыны. Дапамогу БАЖаўцам у адраджэньні старадаўняга звычаю аказала Лепельская група энтузіястаў, дзе ўжо даўно праводзяць «Жаніцьбу Цярэшкі» і дзе традыцыя гэтага сьвята на побытавым узроўні ў вёсках не перапынялася.
Вялі імпрэзу Васіль Шкіндзер і Натальля Мірановіч зь Лепеля, апранутыя ў нацыянальныя строі. У нацыянальным убраньні былі і многія госьці. У гульні зь беларускімі песьнямі, прымаўкамі і танцамі ўсіх удзельнікаў падзялілі на пары. Пад суправаджэньне музыкаў, якія гралі на скрыпцы, дудзе і бубне, госьці танчылі беларускія танцы: Падыспань, Рэчаньку, Польку, Таўкачыкі. Госьці развучвалі танцы проста ў працэсе сьвяткаваньня гульнявога вясельля. Усё гэтае ігрышча праходзіла ў вясковай хаце, якая належыць агра-сядзібе «Родны кут». Пачалося сьвята а восьмай вечару і скончылася за поўнач традыцыйным застольлем, дзе госьці дзяліліся ўражаньнямі і сьпявалі беларускія песьні.
Старшыня філіі БАЖ у Глыбокім Тацяна Смоткіна распавяла, што ўзяцца за адраджэньне старадаўняга беларускага абраду на Глыбоччыне падштурхнула боязь страціць такі прыгожы абрад. Пажылыя людзі ў Глыбокім яшчэ памятаюць, як праходзілі гэтыя вясёлыя танцы іх маладосьці ў навакольных вёсках. Глыбачане ўдзячныя энтузіястам зь Лепеля за дапамогу ў адраджэньні традыцыйнага народнага сьвята.
«Абрад «Жаніцьба Цярэшкі» на Глыбоччыне ладзіцца БАЖам ужо другі год запар. Першы раз у 2016 годзе імпрэзу праводзілі ў Глыбоцкім гарадзкім цэнтры культуры. Сёлета вырашылі правесьці абрад у традыцыйных умовах вясковай хаты, дзе беларускія народныя танцы глядзяцца больш натуральна. «Абрад нашых дзядоў «Жаніцьба Цярэшкі» можа стаць вельмі папулярным у сучаснай моладзі, – спадзяецца Тацяна Смоткіна. – Бо гэта тыя самыя танцы, але зь цікавым сцэнарам і дапоўненыя забаўляльнымі беларускімі гульнямі, песьнямі і прымаўкамі».
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2164-glybotskiya-zhurnalisty-adradzhayuts-narodnuyu-tradytsyyu#sigProIdfc3546b3b2
Аляксандар Марозаў