Ва аўдыторыі сабраліся прадстаўнікі ўсіх узроставых катэгорыяў: ад студэнтаў-першакурсьнікаў да грамадзянаў пэнсійнага веку. А распачала імпрэзу дырэктарка абласной бібліятэкі Тацяна Адамян, якая, падкрэсьліўшы важнасьць Дня роднай мовы, зацьверджанага ЮНЭСКО яшчэ ў 1999 годзе, назвала напісаньне дыктоўкі адметнасьцю цяперашняга сьвята.
Загадчыца аддзелу краязнаўства Ларыса Рагачова адзначыла, што ў сьценах бібліятэкі беларускае слова ўжываецца досыць шырока. Але хацелася б, каб мова гучала і на вуліцах гораду. Было б натуральна, каб яна, як дзяржаўная мова краіны, заняла сваё пачэснае месца і ў грамадзтве. І тут кожны мусіць пачаць зь сябе, са сваіх дзяцей і ўнукаў. Наконт гэтага яна прыгадала верш віцебскага паэта Анатоля Канапелькі «Роднае слова». Пасьля вершы па-беларуску гучалі з вуснаў паэтаў Людмілы Сіманёнак, Міхася Мірановіча, сябра ТБМ Мар'яна Дардніка і студэнтак ВДУ імя Машэрава Хрысьціны Далідзёнак, Лізаветы Ежгуровай і Дар’і Андрыцы.
Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юры Бабіч зьвярнуў увагу на тое, што традыцыя агульнанацыянальнай дыктоўкі да Дня роднай мовы запачаткаваная даўно, але ў Віцебску яна ладзіцца толькі ў дзесяты раз. Нягледзячы на тое, што для гораду цяперашняя дыктоўка юбілейная, у сьценах абласной бібліятэкі яна пісалася ўпершыню.
Кажа Юры Бабіч: «Агульнанацыянальныя дыктоўкі пішуць ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Так, мой сябар зь Летувы надоечы распавёў, што захоўвае дыктоўку на роднай летувіскай мове, якую пісаў больш як дваццаць гадоў таму. Цяпер пажаўцелы ад часу аркуш ён паказвае сваім дзецям, што мае вялікі сымбалічны і выхаваўчы сэнс, стымулюе памятаць пра свае карані, цягнуцца да роднага слова».
Для дыктоўкі, якую Юры Бабіч і прачытаў, быў абраны пазытыўны ўрывак з апавяданьня Янкі Брыля «Усьмешка», прапанаваны ТБМ сярод шэрагу іншых тэкстаў. Спадар Юры запэўніў прысутных, што ТБМ і надалей працягне традыцыю штогадовых агульнанацыянальных дыктовак.
Пасьля таго, як напісаную дыктоўку праверылі, кожны мог вырашыць, ці забраць яе з сабой, альбо пакінуць на захаваньне ў абласной арганізацыі ТБМ.
Сьвята скончылася сьпевамі: віцебскі гурт у складзе гітарыста Генадзя Емяльянава і сьпявачкі Аліны Таргунакавай выканаў песьню на верш Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі» і народную песьню «Чаму ж мне ня пець?»
На думку Юрыя Бабіча, імпрэза ўдалася: хаця людзей сабралася небагата, але прыйшлі тыя, для каго беларускае слова – не пусты гук.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2201-agulnanatsyyanalnuyu-dyktouku-u-vitsebsku-napisali-u-dzyasyaty-raz#sigProIdb3523f9f43
С. Горкі