“Дэжэўю”: паміж вагончыкам і парашутам
“Дэжэўю” – гэта імпэтны маналёг правінцыйнай жанчыны Каці (Яна Русакевіч) пра сваё жыцьцё, любоў і працу. Прычым маналёг на камэру, бо пра Кацю здымаюць фільм (здымкі адначасна трансьлююцца на імправізаваны экран).
Вульгарна апранутая і безгустоўна нафарбаваная, Каця недарэчна жартуе, чытае банальныя вершы, паказвае на мабіле здымкі напаўголых мужчын, дэманструе свае любімыя фоташпалеры і ненавіснае месца працы – вагончык. І гаворыць, гаворыць… Дзесьці робіцца сьмешна, дзесьці – горка. Але раптам, праз пагарду і непрыязнасьць, прабіваецца боль. Здымкі прыпыняюцца. А Каця зьдзяйсьняе скачок сваёй мары…
"Дэжэўю": ролю Каці выканала Яна Русакевіч
У пастаноўцы задзейнічаныя вядомыя акторы Belarus Free Theatre Яна Русакевіч, Юля Шаўчук, Павал Гарадніцкі. Пасьля спэктаклю іх сустракалі шчырымі воплескамі. Пастаноўка выклікала розныя эмоцыі і меркаваньні. Але тое, што “Дэжэўю” справакаваў паўсотню віцебскіх гледачоў на інтэлектуальныя высілкі і высновы – бясспрэчна. Тое, што “Дэжэўю” не ператварылася ў нуднае “дэжавю”, – факт.
Уладзімер Шчэрбань: Для нас Віцебск – як Ялта для МХАТу
Адзначым, што спэктакль “Дэжэўю” трапіў у Віцебск бадай што роўна праз год пасьля менскай прэм’еры.
“Гэта вялікі і вялікі гонар для нас – быць тут. Гэта як МХАТ прыяжджаў да Чэхава ў Ялту, дык гэтак мы прыехалі да Волі Прусак у Віцебск. Так што Віцебск – гэта наша Ялта”, – адзначыў рэжысэр пастаноўкі Уладзімер Шчэрбань.
Аўтар п'есы Вольга Прусак. Фота з прэзэнтацыі дакумэнтальнага фільму "Бел-79" (сьнежань, 2017)
Паводле ягоных слоў, Вольга Прусак ня проста выдатны драматург, але “адна з самых яскравых зьяваў у беларускай драматургіі за апошнія гады”. І ня толькі ў беларускай, але і ў эўрапейскай, дадаў. Нездарма цікавасьць да твораў маладога драматурга выказаў найвядомейшы расейскі рэжысэр Андрэй Зьвягінцаў.
Нагадаем таксама, што ў сьнежні 2017 года ў той жа арт-прасторы VZAP у Віцебску Вольга Прусак прэзэнтавала свой першы дакумэнтальны фільм “Бел-79”, які быў намінаваны на расейскі “Лавр-2017”.
На жаль, сама Вольга Прусак ў дзень віцебскай прэм'еры "Дэжэўю" на публіцы не зьявілася.
“Адзін з самых мяккіх спэктакляў”
Акрамя “Дэжэўю” “Беларускі свабодны тэатар” мае ў сваім рэпэртуары яшчэ адзін спэктакль паводле п’есы Вольгі Прусак. Пастаноўка называецца “Сёньня ніхто не нарадзіўся” і таксама карыстаецца вялікім посьпехам. Уладзімер Шчэрбань паабяцаў, што і гэты спэктакаль абавязкова прыедзе ў Віцебск.
Што да “Дэжэўю”, то рэжысэр заўважыў, што “гэта адзін з самых мяккіх і добрых спэктакляў” “Свабоднага тэатру”. Прызнаўся, што Вольга піша зараз для тэатру яшчэ адну п’есу, якую ён спадзяецца паставіць і на лёнданскай сцэне.
“Гэта ж Мэрылін Манро на лесапілцы!”
Падчас дыскусіі, якая адбылася пасьля спэктаклю, хтосьці з гледачоў казаў пра ўплыў “эмігранцкай псыхалёгіі”, хтосьці пра тое, што спэктакль уздымае праблему, якая раней наогул не ўспрымалася ў якасьці праблемы. Казалі пра тое, што Каця – тыповы прадстаўнік беларускага электарату, “зь якім усім нам даводзіцца зараз жыць”. Раз-пораз гучала фраза “маленькі чалавек”.
“Які “маленькі”? Пра што вы кажаце? Гэта ж Мэрылін Манро на лесапілцы! Яе здымаюць, зь яе зьдзекуюцца... І толькі калі яна захварэла – пачынаюць шкадаваць… Тут ёсьць пра што думаць. Гэта прабівае…” – дзяліўся сваімі эмоцыямі і думкамі вядомы тэатральны рэжысэр зь Віцебску Антон Грышкевіч.
Каця – існуе!
Пастаноўшчык “Дэжэўю” Уладзімер Шчэрбань патлумачыў, што Вольга Прусак, ствараючы п’есу, карысталася так званай тэхнікай verbatim, то бок запісвала і апрацоўвала маналёг рэальнага чалавека. Аказваецца, Каця (яе прататып) – гэта жывы і рэальны чалавек, які жыве зусім недалёка ад Віцебска і пры некаторых зьбегах абставінаў магла (!) прысутнічаць на віцебскім спэктаклі…
Як кажа Уладзімер Шчэрбань, у гэтым сэнсе Вольга Прусак працягвае справу Сьвятланы Алексіевіч, якую назваў першапраходцам мэтаду вэрбатым.
“Чым мне падабаецца драматургія Волі? Тым, што яна супярэчлівая. Вось Каця – што гэта? Нейкі сацыяльна-палітычны дакор ці што? А гэта ўсё! Гэта чалавек які ён ёсьць. З усім наборам супярэчнасьцяў. Яна і прывабная, і брыдкая адначасна. І менавіта такія людзі выяўляюць празь сябе ўсю праблематыку і грамадзтва, і атачэньня, і саміх сябе. Вось гэтым яна і цікавая”, – казаў Уладзімер Шчэрбань.
“Віцебску не хапае такога тэатру”
Віцебск разьвітваўся са “Свабодным тэатрам” гучнымі воплескамі. Аплядысмэнты гучалі і на адрас гаспадыні арт-цэнтру VZAP. “Ня ўсе адважацца запрасіць нас у госьці”, – дзякаваў праз скайп Уладзімер Шчэрбань.
Рэпліка, пачутая ўжо на выхадзе: “Віцебску не хапае такога во тэатру”. Падпісваемся.
І асабісты дзякуй – Вользе Прусак. З надзеяй на новыя п’есы і сустрэчы…
Зьміцер Міраш, фота аўтара