Канцэрт атрымаўся такім жа сьветлым і рознакаляровым (“Бо я – розны”, – кажа пра сябе Рубін), як тыя дзіцячыя малюнкі да Вялікадня, што віселі за сьпінай выканаўцы.
Спачатку Майк Рубін падагрэў (і прыўзьняў) слухача сваімі бліскучымі блюзамі, потым – заглыбіў у “Псальмы” Барадуліна, а пасьля перапынку – пачаставаў аўдыторыю вясёлкавай (і вясёлай) опэрай у 16 частках, створаную разам з паэтам Ігарам Балюком. Напрыканцы гучалі ўжо знаёмыя хіты – “Фантомы”, “Палец”, “Бутэрброды” ды іншыя.
Чаму – адзін?..
“Рубін-фэст” прайшоў у Віцебску ўжо ў трэці раз. Але сёлета – у сольным фармаце. “Аўтар бярэ ўвесь агонь на сябе і вяртае яго слухачу”, – казаў перад канцэртам Рубін. Але чаму так? Зьбег абставінаў, тлумачыць аўтар.
“Так, гэта ўжо трэці фэст. Першы быў чыстым экспэрымэнтам: мне споўнілася 40, я сабраў сяброў па року і аўтарскай песьні і кожнага “абавязаў” выканаць у тым ліку кавэр маёй песьні. Выйшла досыць нечакана. На другім фэсьце я ўжо проста граў з усімі, кавэраў не было. А сёлета плянаваў запрасіць некалькі гасьцей, але ў нейкі момант стала вядома, што прыехаць яны ня змогуць.
І я вырашыў: а чаму б не зрабіць вялікі сольны канцэрт? Назвалі па звычцы – фэстам. Бо я ж розны”, – расказаў пасьля канцэрту Міхаіл Рубін.
У папярэдніх фэстах Рубіна бралі ўдзел віцебскія барды Алеся Мядзьведзева, Аляксандар Салавян, дуэт Чысьцякоў-Касалапаў, а таксама “браты па року” Дзяніс Мускі, Дзьмітры Семенас, Мікіта Гушчанка. Гралі гурты “К.М.М.”, “Крем и карамель”, “Цень”, “MorkvoЦвет”.
Барадулін і цар Давід зь гітарай
На нашае назіраньне, што барадулінскія “Псальмы” ў выкананьні барда гучаць нібы з вуснаў самога цара Давіда, Міхаіл Рубін хітра пасьміхаецца:
“Сапраўды, гэта павінна выклікаць асацыяцыю з выкананьнем самім царом Давідам. Нават нейкія ўступы зрабіліся такімі… эпічнымі. Але ж не спэцыяльна. Сама праграма авангардная, але там ёсьць і проста прыгожыя песьні”, – тлумачыць Міхаіл.
Барадулін у выкананьні Міхаіла Рубіна. "У вуснаў ёсьць дамова зь языком"
Распавядае, што з барадулінскімі псальмамі ў ягоным жыцьці зьвязаная цэлая гісторыя (больш анэкдатычныя, чым біблейская). І ці не вызначальную ролю ў сюжэце той гісторыі адыграў яшчэ адзін вядомы беларускі паэт – Андрэй Хадановіч.
“Як анэкдот: Хадановіч прывёз зборнік, я набыў, выпадкова пачаў сьпяваць адну з псальмаў. Гэта былі “Ідалы”. І яшчэ тры накіды тады зрабіў. Было лета. Вольны час, вольная галава. І я паступова напісаў досыць вялікі цыкль... Другая частка анэкдота: у мяне ж 10 гадоў ужо ляжаць барадулінскія “Руны Перуновы”. Там усе псальмы. Але ж… час надышоў толькі летась”, – пасьміхаецца Міхаіл Рубін.
Падчас выкананьня псальмаў Барадуліна ("Вязьні"). Атмасфэра
На канцэрце ў “Задзьдзвіньні” Міхаіл выканаў 7 псальмаў Барадуліна: “Ідалы”, “Узвышэньне”, “Адзінокая птушка на даху”, “Вязьні”, “У вуснаў ёсьць дамова зь языком”, “Сумна”, “Руйнуе нявечнае час”.
Што наперадзе...
“Якія пляны?.. Шмат матэрыялу рознага, – адказвае на нашае пытаньне Рубін. – Зараз у Фэйсбуку штодзень выкладаю свой “штодзёньнік”. Уяўляю, як будзе складана праз год выбраць адтуль лепшае для кніжкі. Ёсьць матэрыял для новага беларускага зборніка. І не аднаго. Ёсьць ідэя запісаць у чэрвені нарэшце некалькі песень у студыі. Мабыць і з “барадулінскай” праграмы”.
Акрамя таго – узнавіць “электрычнасьць”, зрабіць нотны зборнік і г.д.
“Трэба шмат працаваць, каб натхненьне дало плён. Мабыць, самы час для гэтага”, – дадае Міхаіл.
Нагадаем, Міхаіл Рубін – аўтар пяці паэтычных зборнікаў. Апошні – “Пераклад з іншага: свае вершы” – складаецца з твораў на беларускай мове. Некаторыя зь іх ужо сталі песьнямі. Рубін напісаў ужо цэлы шэраг песень на словы беларускіх паэтаў – Якуба Коласа, Рыгора Барадуліна, Леры Сом, Віктара Жыбуля, Валярыны Куставай ды іншых.
Сачыць за ягонай творчасьцю і насычацца ягонымі творамі і музыкай – вялікая асалода. Чакаем наступных канцэртаў і кніг!
Зьміцер Міраш, фота аўтара