Чацвер, 26 Красавік 2018

“Уганаруйма творцу разам!” Абвешчаны збор сродкаў на арганізацыю імпрэзы ў Бычках

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Прэмію 2017 году атрымаў Зьміцер Дашкевіч Прэмію 2017 году атрымаў Зьміцер Дашкевіч

На краўдфандынгавай пляцоўцы “Талака” абвясьцілі збор сродкаў на арганізацыю цырымоніі ўручэньня прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі». Імпрэза ганараваньня адбудзецца ўжо ў 11-ы раз на радзіме пісьменьніка ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне ў чэрвені 2018 году.

“Нам трэба ваша дапамога для таго, каб уручыць прэмію і годна правесьці цырымонію. Уганаруем годнага творцу разам!” – заклікаюць арганізатары краўдфандынгавай кампаніі – актывісты Руху “За Свабоду”

Ініцыятары кампаніі мяркуюць сабраць за два месяцы 5 тысяч рублёў "народных грошай". Тлумачаць, што сабраныя сродкі пойдуць на арганізацыю самой цырымоніі, выраб статуэткі для ляўрэата ды на аплату аўтобусу зь Менску да Бычкоў.

"Арганізатарам мерапрыемстваў, якія пройдуць 23 чэрвеня, зьяўляецца Рух "За Свабоду". Сабраныя сёлета сродкі пойдуць на выраб статуэткі і дыплёма для Лаўрэата - 1100 руб., арганізацыю ўрачыстасьцяў, канцэрта і мэдыя - падтрымкі - 1600 руб., выраб прызоў (паштоўкі, нататнікі, закладкі і інш.) - 1000 руб., арэнду аўтобусаў - 1300 руб. Актыўныя ўдзельнікі краўдфандынгавай кампаніі змогуць асабіста ўдзельнічаць ў цырымоніі ўручэньня Прэміі, а таксама атрымаць камплект падарункаў з падзякай ад арганізатараў".

Прэмія «За Свабоду думкі» – гэта народнае ўганараваньне выбітных беларусаў, якія на сёньня не могуць атрымаць падобную падтрымку з боку дзяржавы.

“Спачатку, у 2008 годзе, быў складзены cьпic зь 50 найбoльш вядомых лiдэраў думак, якія і вызначылі першых уладальнікаў прэміі. У наступныя гады iмёны пераможцаў сталі называць ляўрэаты папярэдніх гадоў”, – тлумачыць у апісаньні праекту заснавальнік прэміі і сябра Рады Руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

Нагадаем, летась 10-я, юбілейную, прэмію “За свабоду думкі” ўручылі Зьмітру Дашкевічу. Да гэтага ляўрэатамі прэміі імя Васіля Быкава станавіліся Рыгор Барадулін, Уладзімер Арлоў, Павал Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак, Уладзімер Някляеў, Лявон Вольскі, Алесь Белакоз, Зьміцер Вайцюшкевіч і Алесь Марачкін, Валер Мазынскі.

Ініцыятары праекту на “Талацэ” абяцаюць ахвярадаўцам розныя падарункі, падзякі на буклеце і сайце, а таксама ўдзел у імпрэзе з аплатай праезду і харчаваньня. А калі хто ахвяруе ад 1 тыс. рублёў – стане партнёрам мерапрыемства.

Зьміцер Міраш

 

.