Нядзеля, 20 Верасень 2015

У Мёрах прайшло сьвята нацыянальных культур

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

13 верасьня Мёры сталі сапраўднай шматнацыянальнай дзяржавай. Сюды зь Віцебшчыны зьехаліся прадстаўнікі розных дыяспар.

Доўгія прыталеныя грузінскія сукенкі, аздобленыя бісэрам, залатой тасьмой, жэмчугам, аксамітавым поясам, халаты і цюбяцейкі народаў Сярэдняй Азіі, польскія жаночыя спадніцы з квяцістай тканіны, суконныя ці аксамітныя гарсажы, упрыгожаныя залатым шытвом, карункавыя з вышыўкай габрэйскія сукенкі. Увесь гэты і нашмат большы калярыт можна было ўбачыць на гарадзкім паўвостраве.

У пралогу, які падрыхтавалі мясцовыя культработнікі, госьці ўбачылі ня толькі ўбраньні розных народаў, але і пачулі шматнацыянальныя вітаньні. Артысты сустракалі і песьняй, празь якую лейтматывам праходзіла думка, што на сьвяце сабраліся сябры, паяднаныя беларускай зямлёй. Творчы фэст адкрылі начальнік аддзелу культуры Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкаму Галіна Баркевіч і намесьнік старшыні райвыканкаму Тацьцяна Стальмачонак.

Распачалі сьвята прадстаўнікі расейскай нацыянальнасьці. Станіслаў Казлоў з Расон трымаў у трымценьні сэрцы прысутных, ладна выводзячы ноты пра поле памяці, якому няма канца. Крыніцы пад ім глыбокія і нябёсы над ім высокія. Дарэчы, тэма Вялікай Айчыннай вайны і сёлетняга юбілейнага году Перамогі стала першачарговай у сьвяточным сцэнары. Літаральна адразу яе закранулі вядучыя з абласнога мэтадычнага цэнтру народнай творчасьці. Расейскую дыяспару прадставіла і мярчанка Дзіна Юдзіцкая. Даўно рыхтавалася яна да прэзэнтацыі "Ваколіцы". Лагода і спагаднасьць струменілі з погляду артысткі, званочкамі пераліваўся голас. Навапалачане сьпявалі пра вандроўніка, пра качачку і малодачку, расонец – пра мары, нібыта караблі. Хвалюючы і прыемны момант для мярчан. На сцэну ў белых убраньнях выходзяць дочкі Настасься, Марына і тата Сяргей Арсеньевіч Філіпавы. Іх песьня "Шукаю цябе" з кінафільму "31 чэрвеня" – "Заўжды быць побач ня могуць людзі. Нельга зямному каханьню палаць без канца".

Ярка, відовішчна, велічна. Госьці з Чашніцкага і Аршанскага раёнаў прадставілі грузінскую нацыянальнасьць і прызналіся ў любові да роднага Тбілісі. У іншых краёх не знайсьці такой прыгажосьці – сьцьвярджалі грузіны.

Армянская мова гучыць прыгожа, але, на жаль, незразумела. Таму прыйшлося ўдакладніць у выканаўцаў, аб чым баліць іх творчая душа. Георгі Маміканян з Полацкага раёну прысьвяціў песьню дзяўчыне, якую называе сваёй узнагародай і надзеяй, душой і кветачкай. Школьніца Дзіяна Ерацян зь Лепельшчыны таксама сьпявала пра каханьне. Прасіла даць ёй крылы, каб лётаць, дыханьне, каб дыхаць – і ўсё для сьветлага і непаўторнага пачуцьця.

Нездарма Азэрбайджан называюць "краінай агню", бо там насамрэч вогненныя танцы. У гэтым пераканаў сямейны дуэт зь Сеньненскага раёну, дэманструючы ажыўленыя рухі з ходам па крузе і лірычным застываньнем на месцы.

Аршанскі казах Яраслаў Еўтушэўскі выконваў кампазыцыю "Пра цябе", якая зноў жа распавядала пра каханьне да любай дзяўчыны, падобнай да месяца і зорак. Яраслаў упэўнены, што гэтая прыгажуня, да якой зьвяртаўся, і стане яго абраньніцай. Ён прызнаўся, што перад выхадам на сцэну крышку хваляваўся, але пасьля першага куплету трымценьне зьнікла, бо вельмі ўдзячныя гледачы, прыемная атмасфэра. Паміж канкурсантамі пануе не канкурэнцыя, а добразычлівае сяброўства. І гэта для хлопца вельмі важна.

Таджычка Манувара Акрамава выступала разам зь нявесткай. Сваю нацыянальнасьць яны любяць па-роднаму, але і Беларусь для іх стала другім домам. Манувара прыехала ў нашу краіну ў 1988-м годзе па камсамольскай пуцёўцы і засталася назаўсёды. У Мёрах на фэстывалі выступае тройчы. Сюжэт іх кампазыцыі не зусім звычайны, але таксама адлюстроўвае каханьне. Хлопец просіць дзяўчыну, каб тая засьпявала, бо ў яе вельмі зычны, прыгожы голас. Паводле слоў выканаўцаў, гэты твор звычайна ў іх нацыі выконваюць на вясельлях.

Узбэк Шухрат Саідаў – чацьвёртакурсьнік Віцебскага мэдунівэрсытэту. І зноў жа яго песьня пра калючую і недаступную дзяўчыну. Шухрат прыехаў у Беларусь вучыцца, сям'я жыве на радзіме. Яму на сьвяце падабаецца, паспрабаваў ласункаў. Асабліва прыйшліся даспадобы чачэрскія беляшы. У прынцыпе, гэтая страва блізкая да страў яго народнасьці.

Яўген Клемят і Раіса Петаленка – габрэі, муж і жонка. Жывуць у Віцебску, выступаюць і кіруюць тэатрам сваёй грамады "Мінора". На сцэне пара з 17 гадоў. Яўген – паэт, чытаў уласную кранальную паэму на ваенныя матывы, як малады габрэй вярнуўся дадому, а ўсю сям'ю зьнішчылі нямецкія карнікі. Раіса ў вобразе бабулі расказвала герою, як адбываліся ў іх вёсцы страшныя падзеі. Гэта ўсяго восьмая частка аўтарскага твору, напісанага па душэўным парываньні, бо дзядуля Яўгена Клемята прайшоў усю вайну і загінуў на фронце ў 1945-м.

Народны габрэйскі ансамбль "Віцебскія дзяўчаты" танчыў на характэрныя нацыі рытмы Хава Нагілы, што ў перакладзе азначае – "давайце весяліцца". У віцяблян масавае выступленьне адладжанае, але, па габрэйскіх перакананьнях, нават калі хто-небудзь забудзе патрэбны рух, дружны тупат ног нагадае элемэнт, а злучаныя ў моцным поціску рукі самі рушаць усьлед за агульнай хваляй, якая падхоплівае кожнага танцора адзіным рытмам. У музычных інструмэнтах, верагодна, так не атрымаецца. Але пра гэта лепш ведае інструмэнтальны ансамбль Верхнядзьвінскай ДШМ, што граў на габрэйскія матывы.

Палячка Ганна Краўчонак з Ушач, жыве там вельмі даўно. Усё сьвядомае жыцьцё прысьвяціла культурнай сфэры. У песьні жыцьцё параўноўвала з балем, выдатна размаўляе па-польску, але падтрымлівае размову і па-беларуску. Ня дзіва. Беларусь – яе другая радзіма. Яна Павініч з Браслаўшчыны выводзіла "Каляровыя ярмаркі", вядома, на польскай мове. На фэстывалі жанчына ўпершыню. Радуецца, што надвор'е цешыць цеплынёй.

Эстэла Тумашэвіч з Талачыншчыны – хоць сьветлаватая, але чыстакроўная цыганка, студэнтка аднаго з каледжаў. Вельмі ганарыцца сваёй нацыянальнасьцю, добра ведае родную мову. Выконвала кампазыцыю зь фільму "Табар сыходзіць у неба", які вельмі даспадобы яе бабулі. І зноў жа – песьня пра каханьне. Дзяўчына зайшла ў сад, каб спакусіць хлопца, які можа застацца без кашулі і штаноў. Тут, паводле слоў Эстэлы, падкрэсьліваецца вядомая цыганская якасьць. Але ёй валодаюць зусім ня ўсе цыганы.

Завяршыла фэстываль творчасьць украінцаў. Анатоль Пашчанка – масьціты ўдзельнік, шматразовы пераможца рэспубліканскага этапу фэстывалю. Ён ваенны афіцэр, у Полацку жыве 40 гадоў, а наогул у Беларусі больш за 50. Цяпер яму 70. Ды на свой узрост зусім не выглядае, відаць, малодзіць творчасьць.

Ала Краўчанка з Чарнігава – чыстакроўная ўкраінка. Чытала на фэстывалі творы вядомага айчыннага гумарыста Паўло Глазавога. Акрамя таго, прадстаўляла і рукадзельле, якому навучыла бабуля. Яе вырабы пабывалі ня толькі на Мёршчыне, але захоўваюцца ў Нямеччыне, Казахстане, Таджыкістане, Ангельшчыне.

Чараваў вакальны гурт "Вадаграй" зь Лепельшчыны, малявала зоры выканаўца з Ушаччыны, гучала "Чірівна скріпка" з Талачыншчыны – і ўсё ва ўкраінскім стылі.

Напрыканцы зноў выступалі Філіпавы зь Мёраў, па-за конкурсам дэманструючы беларускую культуру песьняй "Касіў Ясь канюшыну", якую ведаюць і выконваюць ня толькі ў нашай краіне. 

У складзе журы – прафэсары сталічнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскага цэнтру нацыянальных культур, беларускага саюзу майстроў народнай творчасьці і іншыя кампэтэнтныя асобы. Старшыня – мастацкі кіраўнік народнага хору імя Г.І. Цітовіча, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, народны артыст нашай краіны, прафэсар Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі.

Па рашэньні судзейскай брыгады ўсе выступоўцы ўзнагароджаныя дыплёмамі за папулярызацыю родных культур. На трэцім месцы азэрбайджанцы-танцоры зь Сеньненшчыны і інструмэнтальны калектыў Верхнядзьвінскай школы мастацтваў з габрэйскім танцам. Другімі сталі дуэт таджычак зь Лёзьненшчыны, казах з Аршанчыны, полька з Браслаўшчыны. Прызнаныя лідэрамі дзяўчынка-армянка Дзіяна Ерыцян зь Лепельшчыны і сям'я Філіпавых зь Міёршчыны. Яны выступяць у заключным этапе фэстывалю нацыянальных культур у Гародні.

Паводле mijory.by