Панядзелак, 31 Жнівень 2015

Грамадзкасьць занепакоеная далейшым лёсам гарадзішча на левым беразе Дзьвіны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У зоне падтапленьня Віцебскай ГЭС на левым беразе Дзьвіны знойдзенае невядомае дасюль гарадзішча, якое, па ўсёй імавернасьці, ня ўнесенае ў сьпісы археалягічных помнікаў Віцебскага раёну.

Гарадзішча знаходзіцца на высокім паўднёвым беразе Дзьвіны. Яно належыць да так званага мысавага тыпу гарадзішчаў і мае ўсе ўласьцівыя такому тыпу элемэнты. Высунутая ў бок ракі берагавая строма, на якой месьціцца само гарадзішча з драўлянымі пабудовамі, давала магчымасьць кантраляваць вялікі ўчастак рачной даліны. Гэткае месцазнаходжаньне можна характарызаваць як стратэгічнае і лягічна матываванае.

З захаду і ўсходу гарадзішча абмяжоўваецца ярамі, а ад астатняй берагавой часткі аддзяляецца досыць высокім абарончым валам, перад якім яшчэ захаваліся абрысы рову. У часы ліхалецьцяў гарадзішча станавілася надзейным  прытулкам для жыхароў вакольных паселішчаў. Элемэнты гэтага гарадзішча шмат у чым супадаюць з элемэнтамі блізкага да яго гарадзішча Баронікі, што месьціцца на левым беразе ракі Лучосы, якое добра дасьледаванае археолягамі і знаходзіцца пад ахоўвай дзяржавы.

Як сьцьвярджае віцебскі краязнаўца Міхась Паўлаў, адкрыты археалягічны аб'ект, хутчэй за ўсё, належыць да днепра-дзьвінскай археалягічнай культуры і можа быць датаваны 6-7 стагодзьдзямі нашай эры. Аднак бяз пэўных навуковых досьледаў казаць пра гэта можна даволі прыблізна.

 Пэўную заклапочанасьць выклікае тая акалічнасьць, што на захад ад гарадзішча бераг ужо цалкам зьменены інжынэрна-землянымі работамі, і пра далейшы лёс гарадзішча пакуль нічога не вядома. У сувязі з тым, што доступ да інфармацыі, зьвязанай з будаўніцтвам электрастанцыі, для грамадзкасьці абмежаваны, застаецца пытаньне: ці зруйнуюць гарадзішча, або ўсе работы спыняцца на самых подступах да яго?

Віцебская вясна