“Абгрунтаванасьць высноў суду аб вінаватасьці Гайдукова ў зьдзяйсьненьні злачынства, а таксама і правільнасьць юрыдычнай кваліфікацыі зробленага паводле ч. 1 арт. 14 і арт. 356-1 КК ні самім абвінавачаным, ні яго абаронцамі не аспрэчваліся. У пададзеных на прысуд скаргах утрымліваліся просьбы пра зьмякчэньне прызначанага Гайдукову судом першай інстанцыі пакараньня ў выглядзе аднаго году шасьці месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму”, - паведаміла прэс-сакратар ВС Марына Лапо.
Паводле ейных слоў, разгледзеўшы справу, Вярхоўны суд вызначыў, што прысуд абласнога суду ў дачыненьні да Гайдукова зьяўляецца законным і абгрунтаваным. Суд прызначыў Гайдукову справядлівае пакараньне, якое адпавядае характару зьдзейсьненага злачынства і ступені яго грамадзкай небясьпекі. Прэс-сакратар ВС адзначыла, што судом першай інстанцыі ў дастатковай ступені улічаныя як станоўчыя дадзеныя пра асобу абвінавачанага (характарыстыка зь месца працы, першая судзімасьць), гэтак і факт зьдзяйсьненьня ім злачынства з карысьлівых меркаваньняў, што абгрунтавана прызнана судом акалічнасьцю, якая абцяжвае адказнасьць.